“У назвах вуліцаў павінны быць увечненыя імёны герояў-касманаўтаў, чалюскінцаў і многіх іншых герояў”

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларускія газэты розных гадоў за 10 лютага.
“Беларуская ніва”, 1926 год:

“Як ведама, выданы ў 1870 годзе Пецярбурскай Акадэміяй Навук беларускі слоўнік Насовіча быў далёка ня поўны, хаця зьмяшчае каля 30.000 слоў. Вось-жа Інстытут Беларускай Культуры ў Менску ўтварыў адумысную сталую Камісію дзеля ўскладаньня слоўніка жывой беларускай мовы. Камісія сабрала ўжо больш за 40.000 слоў, выбраных з літэратурных твораў ХІХ і ХХ сталецьця і запісаных на асобных картачках. Побач з гэтым ідзе выбарка і ўпісваньне на картачкі слоў з слоўнікаў Насовіча, Я.Ціхінскага, Шпілеўскага ды з этнаграфічных зборнікаў”.

“Палеская праўда”, 1936 год. Артыкул Б.Бранштэйна з “Правды”:

“Сіла Купалы раней усяго ў яго песні — народнай у лепшым сэнсе гэтага слова… У гады рэакцыі Купала нярэдка скатваўся к нацыяналістычнай, сусальнай стылізацыі беларускага фальклора, але і ў гэтыя гады паэт даў рад узораў народнай лірыкі і эпаса… Купала смела ўводзіць, здавалася-б, сцёртыя фальклорныя ўзоры, метафары і рытмы ў зусім новае, непрывычнае тэматычнае асяроддзе. Ён гаворыць мовай народнага песенніка і сказацеля”.

“Вечерний Минск”, 1986 год:

“У назвах вуліцаў павінны быць увечненыя імёны герояў-касманаўтаў, чалюскінцаў і многіх іншых герояў. А.Тамаровіч”. “Мне шкада такіх назваў, як Лагойскі, Даўгінаўскі тракты, Падлесная вуліца і іншых. Чамусьці да іх чарга дайшла хутчэй, чым да Сылікатнай ці Базіснай. В.Хомчанка”. “Што ж да новых вуліцаў, якія будуюцца, дык чаму б не назваць іх у гонар сталіцаў нашых саюзных рэспублік?.. І пры гэтым на кожнай зь іх павінна быць нейкая архітэктурная дэталь у нацыянальным стылі… Л.Габрыелава”.