"Малады фронт" правёў акцыю салідарнасьці (фота)

Радыё Свабода Трынаццаць актывістаў незарэгістраванага “Маладога фронту” прыйшлі да Менскага сьледчага ізалятару з тортам і віншаваньнямі для арыштаванага сябра гэтай арганізацыі Артура Фінькевіча. 8 лютага Фінькевічу споўніўся 21 год. Адміністрацыя турмы торт узяць адмовілася, а паштоўкі параілі накіраваць поштай. Міліцыянты ў цывільным канфіскавалі ў маладафронтаўцаў некалькі плякатаў з надпісам “З днём нараджэньня, Артур!”
Маладафронтаўцы падпісалі перад будынкам сьледчага ізалятару віншавальныя паштоўкі й запалілі сьвечкі на торце. За іхнымі дзеяньнямі назіралі міліцыянты ў форме і цывільным, а таксама амонаўцы з прыпаркавнага побач з турмой аўтобуса.

Сустаршыня “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч так патлумачыў мэту гэтай акцыі:

(Дашкевіч: ) “У першую чаргу акцыя скіраваная на тое, каб падтрымаць хлопцаў. Прадэманстраваць ім, што мы пра іх памятаем, яны не адны. Што мы іх любім, урэшце. Вось такі сёньня дзень”.

Удзельнікі акцыі хацелі падтрымаць ня толькі Артура Фінькевіча, якога падазраюць у напісаньні антыўладных графіці, але і арыштаванага моладзевага актывіста Зьмітра Касьпяровіча, якога абвінавачваюць у зьняцьці з будынку Менгарвыканкаму дзяржаўнага сьцягу.

Гаворыць удзельніца акцыі Наста Палажанка:

(Палажанка: ) “Мы пажадаем Артуру Фінькевічу, каб ён трымаўся. Мы спадзяемся і верым, што ўсё ў нас будзе добра. І мы адстаім яго права. Мы будзем змагацца ня толькі за краіну, але і за такіх людзей, як ён”.

Мададафронтаўскі торт адміністрацыя ізалятару прыняць адмовілася, а віншаваньні параілі даслаць поштай. Удзельнікі акцыі ў суправаджэньні асобаў у цывільным з рацыямі скіраваліся на прыпынак грамадзкага транспарту. Гэтыя людзі селі разам з маладафронтаўцамі ў маршрутны аўтобус. Там яны выхапілі ў аднаго з хлопцаў некалькі плякатаў з надпісам “З днём нараджэньня, Артур!” і выйшлі на наступным прыпынку.

Фотарэпартаж