Колькі подпісаў забракавалі на Гомельшчыне?

Радыё Свабода Сёньня Гомельская абласная камісія на падставе пратаколаў раённых камісіяў падвяла вынікі збору подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнта. Найбольш несапраўдных подпісаў заяўлена за Валерыя Фралова і Сяргея Гайдукевіча.
Асабліва шмат несапраўдных подпісаў за Валерыя Фралова і Сяргея Гайдукевіча выявілі ў Жлобіне. За генэрала Фралова тут наагул забракавалі ўсе подпісы. Меркаваньне на гэты конт прадстаўніцы Жлобінскай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Вольгі Ярашавай:

(Ярашава: ) “Сябры ініцыятыўнай групы папрацавалі нядобрасумленна. Яны не паглядзелі Выбарчы кодэкс. Уключалі ў падпісныя лісты розныя населеныя пункты. Там і зь Ельску, і са Сьветлагорску жыхары патрапілі, і зь вёсак — адкуль заўгодна”.

Паводле спадарыні Ярашавай, у правераных аркушах ёсьць выпадкі, калі адзін выбаршчык падпісаўся за іншага, а таксама тэхнічныя памылкі. Усё гэта і зрабіла вялікую колькасьць подпісаў несапраўднымі.

Разам жа ў рэгіёне з правераных подпісаў забракавана: за Валерыя Фралова — 16%, за Сяргея Гайдукевіча — 13,6%, Аляксандра Казуліна — амаль 9%.

Найменш памылак зрабілі зборшчыкі подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча — 4% ад правераных і Аляксандра Лукашэнку — 0,6%.

Тым ня менш, у асобных раёнах колькасьць несапраўдных подпісаў істотна адрозьніваецца. Напрыклад, у Цэнтральным раёне абласнога цэнтру за Аляксандра Мілінкевіча няма забракаваных подпісаў, а ў Калінкавіцкім раёне такіх — 14%.

Старшыня Калінкавіцкай раённай выбарчай камісіі Тамара Пінчук сьцьвярджае, што ў падпісных аркушах за апазыцыйнага палітыка шмат недакладных зьвестак. Выяўлены нібыта і факты збору подпісаў не сябрамі ініцыятыўнай групы.

Каардынатар збору подпісаў за Мілінкевіча ў Калінкавічах Аляксей Маневіч кажа:

(Маневіч: ) “Яны задаюць такое пытаньне, кшталту: а вы падпісваліся за апазыцыю? Людзі баяцца адказаць, што яны ставілі подпісы. Вось і атрымліваюцца, так бы мовіць, несапраўдныя подпісы”.