“Я атрымаў пісьмо ад піонераў вашай школы з просьбай прысвоіць маё імя піонератраду, на што я згодзен”

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларускія газэты розных гадоў за 8 лютага.
“Беларуская крыніца”, 1926 год. Ліст Л.Авіна з Амэрыкі:

“У нас тут ёсьць многа беларусаў, бяда толькі, што цямната не дазваляе ім казаць, хто яны. Як каталік — то ўжо паляк, як праваслаўны — то рускі. Палякі завуць іх беларусамі, або літоўцамі, бо па польску ня ўмеюць ані слова, хоць нікаторыя лічаць сябе за палякоў. П’юць добра водку (самагонку) і ў карты гуляюць, хоць, праўда, ёсьць і акуратных”.

“Комуніст”, 1936 год. З Бабруйску:

“Піонеры першай школы паслалі пісьмо маршалу Совецкага Саюза, Начальніку Генеральнага Штаба РСЧА т.А.І.Егораву з просьбай прысвоіць атраду яго імя. У адказ т.Егораў прыслаў наступнае пісьмо. “Горад Бабруйск, БССР, Совецкая 62 — першая школа. Я атрымаў пісьмо ад піонераў — вучняў 7 класа вашай школы з просьбай прысвоіць маё імя піонератраду, на што я згодзен. Прашу перадаць піонерам, што я сардэчна дзякую іх за ўвагу і жадаю ім посьпехаў у вучобе”.

“ЛіМ”, 1966 год:

“Увесь свет зноў усхваляваны геніем савецкага народа! 3 лютага 1966 года савецкая аўтаматычная станцыя “Месяц-9” ажыццявіла мяккую пасадку на паверхню Месяца. Паміж Зямлёй і станцыяй была наладжана ўстойлівая радыёсувязь. Па камандзе з Зямлі быў праведзены агляд месячнага ландшафту і перадача на Зямлю яго здымкаў. Палёт станцыі “Месяц-9” адкрывае новую эру ў асваенні касмічнай прасторы. Ён набліжае час, калі на Месяц ступіць нага чалавека. Стваральнікі касмічнай станцыі “Месяц-9” прысвяцілі свае выдатныя дасягненні ХХІІІ з’езду КПСС”.