Апытаньне "Свабоды": "Пакуль яны езьдзяць, Лукашэнка канцэрты дае!"

Радыё Свабода Учора ўдзельнікі прэзыдэнцкай гонкі Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін наведалі Маскву, дзе сустрэліся з расейскімі журналістамі, палітыкамі і экспэртамі. Як ставяцца да гэтых паездак патэнцыйныя выбарнікі ў Менску?
(Спадар: ) “Казулін – гэта чалавек Масквы. Наколькі я разумею, яму сам Бог казаў езьдзіць у Маскву. Ну а Мілінкевіч, зразумела, чалавек, які ведае, што нельга ўсе яйкі класьці ў адзін кошык. Таму Мілінкевіч і хоча добрых адносінаў і падтрымкі з Масквы. Ня толькі ж Эўропа ўсім кіруе!”

(Хлопец: ) “Ня ведаю, як паставіцца да паездкі Мілінкевіча. Да Расеі стаўлюся дрэнна. Ня думаю, што нешта добрае можа атрымацца”.

(Дзяўчына: ) “Сябраваць трэба з усімі. Але ня ведаю, якія Мілінкевіч з Казуліным там абяцанкі даюць... А вы ведаеце?”

(Спадарыня: ) “Няхай езьдзяць! Пакуль яны езьдзяць, Лукашэнка па ўсёй Беларусі канцэрты дае. Супраць такога піяру гэтыя паездкі нічога не дадуць”.

(Хлопец: ) “Няхай бы гэтыя кандыдаты болей езьдзілі па вёсках. А то там калгасьнікі нікога, акрамя Лукашэнкі, ня ведаюць і зьдзівяцца, што ёсьць яшчэ хтосьці, апроч Лукашэнкі”.

(Спадарыня: ) “У любых чалавечых дзеяньнях сэнс ёсьць. Калі яны туды паехалі, відавочна, мэта ёсьць. Дай Бог, каб у іх там усё атрымалася”.

(Хлопец: ) “Пра Казуліна я чуў. А хто такі Мілінкевіч?”

(Спадар: ) “Ня трэба нам ніякай Масквы! Яна на нас, мусіць, эканамічна ціснуць ня можа. Газ, лічу, усё роўна прыйдзецца купляць па рынкавай цане, гэта адназначна. А гандляваць з намі Расеі і так прыйдзецца. І дзеля гэтага ня трэба ісьці на паклон да Пуціна. Бо я лічу, гэта для беларусаў дабром ніколі ня скончыцца”.

(Спадар: ) “Чым больш згуртаванымі яны будуць, тым большы эфэкт будзе дасягнуты. Вельмі добра, што яны кудысьці паехалі, кудысьці іх пусьцілі і хтосьці зь імі сустрэнецца. Навошта яны туды паехалі? Можа быць, ім скажуць, што былы чыноўнік, такі, як Мілінкевіч, меней здольны канкураваць зь дзейнай уладай, а патрэбны такі гуманітарнік, як спадар Казулін? Можа быць. А што там напраўду...”

(Спадарыня: ) “Мілінкевіч не дурны! Хоча, як ласкавае цялятка, дзьве маткі ссаць! Але гэтага не атрымаецца. Трэба тут працаваць. А ня езьдзіць па замежжах”.