Сяржук Кручкоў, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя нататкі пра пражытае і перажытае на мінулым тыдні слухачам “Свабоды” прадстаўляе намесьнік старшыні Таварыства беларускае мовы імя Францішка Скарыны Сяржук Кручкоў.
Субота, 28 студзеня. 10:30
Крочу ў 4-ю менскую нацыянальную гімназію — запрошаны да ўдзелу ў краязнаўчай канфэрэнцыі Таварыства беларускай школы. Крыху зьдзіўлены, бо ўжо амаль год не прысутнічаў на мерапрыемствах недзяржаўных арганізацыяў, якія ладзяцца на тэрыторыі афіцыйных навучальных установаў. Яшчэ больш зьдзіўляюся, калі нас сустракаюць у гімназіі з хлебам і сольлю, а навучэнцы ладзяць для нас канцэрт. Усё хораша, па-беларуску. Узьнікае эфэкт дэжа-вю першай паловы 1990-х гадоў. Але падчас канфэрэнцыі гэтае пачуцьцё зьнікае.
Высьвятляецца, што асноўныя ўдзельнікі з галоўным дакладам “Стаўпцоўшчыназнаўства” не прыехалі. Мясцовае начальства забараніла. Старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка паказвае фотаздымкі з Івацэвічаў, дзе тыдзень таму адбылося аналягічнае мерапрыемства ТБШ пад патранажам мясцовых уладаў, якія не знайшлі ніякай крамолы ў краязнаўстве.
Маё выступленьне на канфэрэнцыі прысьвечанае разьвіцьцю дыстанцыйнай адукацыі на беларускай мове. Распавядаю настаўнікам зь Меншчыны, як можна даставаць дыстанцыйныя тэхналёгіі для выкладаньня краязнаўства. Рэклямую адкрыты Беларускі адукацыйны партал (http://adukacyja.org), які створаны зусім нядаўна, і мэта якога — падрыхтаваць новую генэрацыю беларускамоўных дыстанцыйных выкладчыкаў, а таксама стварэньне электроннай навуковай базы зьвестак на роднай мове.
Нядзеля, 29 студзеня. 11:00
Распачынаецца пасяджэньне Рады ТБМ. Сярод іншых пытаньняў — абмеркаваньне плянаў дзейнасьці Таварыства на 2006 год. Пераходзім да памятных датаў, якія ТБМ будзе адзначаць сёлета. Катэгарычна выступаю супраць уключэньня ў плян сьвяткаваньняў 260-годзьдзя з дня нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі. Аргумэнтую тым, што нідзе не сустракаў згадкі пра тое, што Касьцюшка выступаў за беларускую мову ці зрабіў нейкі ўнёсак у разьвіцьцё беларускай культуры. Мяне падтрымлівае Ніл Гілевіч.
У абарону Касьцюшкі выступае прафэсар Грыцкевіч, які сьцьвярджае, што Касьцюшка паходзіць зь беларускай уніяцкай сям’і. Але гэта для мяне — не аргумэнт. Дастаеўскі таксама паходзіў зь Беларусі, але мы не ўшаноўваем яго як выбітнога беларускага дзеяча. Прафэсар Мальдзіс распавядае пра свой удзел у рэдагаваньні новай кнігі пра Касьцюшку, дзе дакумэнтальна сьцьвярджаецца, што Тадэвуш не жадаў узначальваць польскія вайсковыя фармаваньні і заўсёды імкнуўся кіраваць атрадамі ВКЛ, што ён ня ўдзельнічаў у ганебным сэйме, які ліквідаваў незалежнасьць ВКЛ і г.д. Пагаджаюся зь яго аргумэнтацыяй, але да мяне вяртаецца старая думка пра тое, што гэтыя і іншыя цікавыя гістарычныя матэрыялы дагэтуль невядомыя шырокай публіцы, а нашыя навукоўцы, на жаль, ня маюць магчымасьці (а можа, і не імкнуцца) падзяліцца сваімі напрацоўкамі.
Панядзелак, 30 студзеня
Увесь дзень аддаў раскрутцы ў Сеціве свайго новага рэсурсу — Бюро перакладаў “LINGVA-BY”. Зарэгістраваў на дваццаці пошукавых рэсурсах Беларусі, Украіны, Расеі.
Ідэя стварэньня такога сэрвісу ўзьнікла гады два таму, калі ў Таварыства беларускай мовы пачалі зьвяртацца па пераклады розныя ўстановы: Беларуская чыгунка, Менскі мэтрапалітэн, “Дырол”, “Кэдбэры”. Канчаткова вырашыў заняцца гэтай справай, калі зрабіў пераклад сэрвісу для паштовага парталу “Тэлеграф-пошта”. Калі мова сталася запатрабаванай і ў электронных рэсурсах — значыць, распачалося рэальнае яе выкарыстаньне ў ХХІ стагодзьдзі. На момант рэгістрацыі меў дамоўленасьць з 14 перакладчыкамі, якія разам з замежнымі цудоўна валодаюць і сваёй беларускай мовай. Цяпер штодня зьвяртаюцца два-тры перакладчыкі, каб далучыцца да нашай працы. Вось вам і “неразьвітая мова”, на якую немагчыма зрабіць адэкватны пераклад зь нямецкай мовы, як сьцьвярджаў рэктар ЭГУ спадар Міхайлаў на канфэрэнцыі ў Нямеччыне.
У любым выпадку, цешыць тое, што ўдалося рэалізаваць самы прасунуты беларускі перакладніцкі рэсурс, які дазваляе замовіць, аплаціць і атрымаць пераклад, не выходзячы з дому ці офісу. Праз старонку http://lingva-by.com можна імгненна зьвязацца з каардынатарам бюро, каб узгадніць усе акалічнасьці замовы.
Аўторак, 31 студзеня
З раніцы заходжу на старонку Радыё Свабода ў Інтэрнэце. Галоўная навіна ад кандыдата ў прэзыдэнты спадара Мілінкевіча, які паведамляе з Брусэлю, што да выбараў запрацуе яшчэ і спадарожнікавае тэлебачаньне для Беларусі. Дзіўная сытуацыя: ужо цяпер у нас як бы два прэзыдэнты. Адзін арганізоўвае вяшчаньне як у Беларусі, так і на замежжа на расейскай мове, другі — вяшчаньне з замежжа на Беларусь на беларускай. Першы скарыстоўвае грошы беларускіх падаткаплатнікаў і выпускае іх у паветра (бо каму патрэбна за мяжой не тэлебачаньне, а насьценгазэта цяперашняга рэжыму), а другі прыцягвае замежныя інвэстыцыі ў інфармацыйную прастору краіны. Як жа гэта стасуецца з асноўнай ідэалягемай афіцыйнай прапаганды, што апазыцыя прыносіць страты беларускай дзяржаве?
Серада, 1 лютага
Увечары тэлефануе Бярнарда Іванова — перакладчыца і выкладчыца польскай мовы. Абмяркоўваем яе апошнія пераклады мэтадычнай літаратуры для настаўнікаў на беларускую мову. Шкадуем пра тое, што данесьці гэтыя матэрыялы да нашых выкладчыкаў традыцыйным спосабам на паперы — немагчыма. Вырашаем, што ў рамках стварэньня беларускай навуковай базы зьвестак зьмесьцім пераклады ў Інтэрнэце. Сыходзімся на думцы, што ў менскіх настаўнікаў больш магчымасьцяў карыстацца ўсясьветным павуціньнем, а правінцыйныя гэтага амаль пазбаўленыя. Так, з новага году з ініцыятывы Міністэрства адукацыі спыненая праграма ААН “Інтэрнэт 2” дзеля пашырэньня доступу для навучальных установаў, грамадзкіх арганізацыяў. Вось такі “прагрэс”.
Чацьвер, 2 лютага
Цэлы дзень праводжу на канфэрэнцыі “Дні “Oracle” у Рэспубліцы Беларусь”. Праграмныя прадукты кампаніі “Oracle” шырока выкарыстоўваюцца ў краінах СНД і Беларусі для стварэньня розных электронных баз зьвестак. У тым ліку і Фондам сацыяльнага страхаваньня нашай краіны. ТБМ на працягу трох гадоў дамагаецца, каб пэрсаніфікаваны ўлік вёўся на беларускай мове. Міністэрства працы дагэтуль сьцьвярджае, што гэта немагчыма, бо беларуская мова, маўляў, праграмай не падтрымліваецца. У прадстаўнікоў маскоўскага офісу кампаніі высьвятляю, што гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Дамаўляюся атрымаць афіцыйны адказ, каб зь ім працягваць даціскаць нашых чыноўнікаў, у якіх “кампутары беларускай мовы не разумеюць”.
На канфэрэнцыі сустракаю старога знаёмца — начальніка сакратарыяту Савету Рэспублікі Аляксандра Новікава, бадай, адзінага чыноўніка, які падымаў у 2002 годзе пытаньне аб неабходнасьці пераводу асноўных кампутарных праграмаў на беларускую мову. Абмяркоўваем цяперашні стан. Распавядаю, што намі зроблена праграма артаграфічнай падтрымкі беларускай мовы для Microsoft Office “Літара 1”, і праца працягваецца. Абодва шкадуем, што без усялякай падтрымкі дзяржавы.
Пятніца, 3 лютага
З ранку ўключаю БТ, каб паглядзець апошнія “навіны”. Бо ранішнія выпускі не такія агрэсіўныя, усе забойныя прапагандысцкія матэрыялы былі вылітыя на галаву гледачоў зь вечара, а раніцай паказваюць тое, што не ўвайшло ў “итоговые” навіны. Паказваюць сюжэт пра паездку амбасадараў краінаў СНД на гарналыжны комплекс “Сілічы”. Усе амбасадары гавораць пра здаровы лад жыцьця, а прадстаўнік казахскай амбасады выказвае аптымістычную думку, што цяперашняе разьвіцьцё спартовай інфраструктуры, можа, станоўча паўзьдзейнічае на дэмаграфічную сытуацыю ў Беларусі. Не даглядзелі цэнзары беларускага тэлебачаньня, запусьцілі крамольную думку ў эфір. Дэмаграфічная сытуацыя ў Беларусі сапраўды катастрафічная. Нават паводле афіцыйнай статыстыкі, дзяцей да 4 гадоў у нашай краіне ў два зь лішкам разы меней за людзей узростам ад 60 да 64 гадоў. Урады ўсіх эўрапейскіх краінаў б’юць у званы з нагоды дэмаграфічнага крызісу ў сваёй краіне, спрабуюць знайсьці выйсьце. А ў нас табу на гэтую тэму.
Летась мая старэйшая дачушка Вікторыя гасьцявала ў Ірляндыі. Вельмі зьдзівілі яе расказы пра тое, што сярэдняя ірляндзкая сям’я мае пяцёра дзетак. Была яна ў гасьцях і ў аднаго тамтэйшага бізнэсоўца, у якога дванаццаць дзяцей. Фантастыка, падумалася мне, у Эўропе ж дэмаграфічны крызіс!.. Аказваецца — не паўсюль.