Пэнсіянэрку аштрафавалі за распаўсюд каляндарыкаў з фота Мілінкевіча

Радыё Свабода Адміністрацыйная камісія Бялыніцкага райвыканкаму пакарала бялыніцкую пэнсіянэрку Ірыну Капыткову штрафам на 29 тысяч рублёў. Яе абвінавацілі ў распаўсюдзе незарэгістраванай друкаванай прадукцыі.
Прадстаўнікі камісіі прыйшлі да высновы, што раздача каляндарыкаў з фота Аляксандра Мілінкевіча ёсьць парушэньнем паводле Адміністрацыйнага кодэксу. Ірына Капыткова зьбірала подпісы за Аляксандра Мілінкевіча ў роднай вёсцы Вішова і адначасова раздавала каляндарыкі на 2006 год.

Калі яна заверыла подпісы ў старшыні Вішоўскага сельсавету Натальлі Галузы, па вясковых хатах прайшоў міліцыянт і сканфіскаваў каляндарыкі. Ірына Капыткова гаворыць, што спадарыня Галуза паставіла свой подпіс празь дзьве гадзіны пасьля таго, як вывучыла сьпісы і задала некалькі пытаньняў пра прэтэндэнта.

Спачатку распаўсюд каляндарыкаў падчас збору подпісаў называлі незаконнай агітацыяй. Абвінавачаньне ў распаўсюдзе незарэгістраванай друкаванай прадукцыі пэнсіянэрцы прад’явілі пазьней. Адметна, што камісія апраўдала іншага прадстаўніка ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча Міколу Мяцеліцу, які таксама раздаваў каляндарыкі. Ён змог даказаць, што гэта проста падарункі.

Ірына Капыткова, філёляг зь сям’і настаўнікаў, не належыць да ніводнай палітычнай партыі. Да патрабаваньняў выплаціць штраф ставіцца спакойна, кажа, што ёй хопіць пэнсіі, каб выплаціць. Абскарджваць рашэньне камісіі не зьбіраецца, хоць ня лічыць, што яно законнае.