Дэлегацыя АБСЭ заклікае ўлады правесьці сумленныя і празрыстыя выбары

Радыё Свабода Напярэдадні 9 сакавіка ў Беларусь прыедуць 400 назіральнікаў ад АБСЭ, а ўжо напачатку наступнага тыдня чакаецца прыезд 14 доўгатэрміновых назіральнікаў ад гэтай арганізацыі. Пра гэта паведаміла кіраўніца дэлегацыі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, дэпутат Бундэстагу Ута Цапф напрыканцы свайго візыту ў Менск. Сама спадарыня Цапф зьбіраецца зноў прыехаць у Беларусь за некалькі дзён да выбараў разам з большасьцю назіральнікаў.
Ацэньваючы зьмены за год пасьля папярэдняга візыту ў Беларусь дэлегацыі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, Ута Цапф заявіла, што абстаноўка пагаршаецца: зноў пагоршылася сытуацыя з правамі чалавека, уціскаюцца няўрадавыя арганізацыі, прафсаюзы, перасьледуюцца прадстаўнікі апазыцыі з палітычных матываў.

Спадарыня Цапф паведаміла, што яе моцна кранула сустрэча са сваякамі М.Марыніча, С.Скрабца, М.Статкевіча, А.Клімава і В.Леванеўскага. Яна назвала гэтых асобаў палітвязьнямі, якія церпяць за сваю пазыцыю, выказваньне альтэрнатыўных думак, і заявіла, што некаторыя зь іх сапсавалі ў турме здароўе:

(Цапф: ) “Міжнародная супольнасьць чакае, што такія палітычныя зьняволеньні павінны быць спынены. Таму што несправядліва кагосьці перасьледаваць паводле вельмі сумнеўных крымінальных справаў”.

Вельмі нэгатыўна прадстаўнікі АБСЭ ацанілі дапаўненьні ў Крымінальны кодэкс наконт дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь, “якія могуць цалкам спыніць свабоду слова, асабліва перад выбарамі 19 сакавіка”. Спадарыня Цапф выказала спадзяваньне, што гэтыя папраўкі ня будуць ужывацца, а з часам будуць скасаваныя ўвогуле.

Дэлегацыя АБСЭ абмеркавала падчас сваіх сустрэчаў у ЦВК, МЗС, парлямэнце Беларусі і перадвыбарчую сытуацыю.

(Цапф: ) “Будзе надзвычай, надзвычай важна, каб гэтыя выбары прайшлі справядліва, згодна са стандартамі АБСЭ, якія дазваляюць прызнаць іх вынік вартым даверу. Мы спадзяемся таксама, што ЦВК зарэгіструе апазыцыйных кандыдатаў”.

Спадарыня Цапф вітала рашэньне Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ накіраваць на выбары ў Беларусь 400 сваіх назіральнікаў у дзень выбараў і 14 — для доўгатэрміновай працы. Падводзячы вынікі візыту, Ута Цапф заявіла:

(Цапф: ) “Мы занепакоеныя, мы будзем працягваць працаваць з усімі групамі, зь якімі сустракаліся тут. Мы будзем падтрымліваць тых у Беларусі, хто жадае больш свабоды, дэмакратыі, празрыстасьці. Але мы будзем падтрымліваць і наш дыялёг з парлямэнтам, адміністрацыяй, бо гэта добрая магчымасьць выказваць сваю занепакоенасьць і знаходзіць шляхі нашай дапамогі для станоўчых зьменаў тут, каб у будучыні Беларусь стала адной з паважаных дэмакратычных краінаў Эўропы”.

Акрамя таго, дэлегацыя Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ выказала занепакоенасьць адсутнасьцю прагрэсу ў расьсьледаваньні справаў зьніклых апанэнтаў А.Лукашэнкі, рэпрэсіўным заканадаўствам адносна дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў, абмежаваньнем распаўсюду незалежных СМІ ў Беларусі.