М.Саакашвілі: “Грузія выйшла з энэргетычнага крызысу яшчэ больш моцнай”

Радыё Свабода Учора позна ўвечары грузінскі прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі выступіў перад людзьмі ў цэнтры Тбілісі і заявіў, што Грузія выйшла з энэргетычнага крызысу яшчэ больш моцнай, чым была раней.
(Саакашвілі: ) “Мэтаю гэтых выбухаў была дэмаралізацыя Грузіі. Ставілася задача – паказаць ўсяму сьвету, што ў нас вельмі слабая краіна, у якой няма пэрспэктываў. Замест гэтага сабатаж прынёс абсалютна іншыя, супрацьлеглыя вынікі. Аказалася, што нашае грамадзтва вельмі моцнае і яно выйшла з гэтага крызысу яшчэ больш моцным”.

Выступ Міхаіла Саакашвілі трансляваўся па тэлебачаньні. Ён прамаўляў на фоне асьветленых будынкаў праспэкта Руставэлі. Грузінскі прэзыдэнт падзякаваў энэргетыкам і ўсяму грузінскаму грамадзству за тое, што яны даказалі сваю моц ўсяму сьвету, а галоўнае -- самім сябе.

У выніку падрыву газаправоду і ліній электраперадачаў 22 студзеня Грузія пазбавілася электрычнасьці і газу з Расеі. Тбілісі абвінаваціла ў дывэрсіі Маскву. Пасьля рэмонту газаправоду расейскія пастаўкі зноў былі прыпыненыя 29 студзеня у выніку маразоў.

Цяпер жа, як заявіў грузінскі міністар паліва і энэргетыкі Ніка Гілаўры, Грузія ўпершыню за 35 гадоў атрымлівае газ адначасова з трох краінаў – Расеі, Азэрбайджану і Ірану.