"У Беларусі ўся гаспадарка ў руках дзяржавы"

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польская прэса піша сёньня пра сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча ў Брусэлі і пра тое, што Эўрапейскі зьвяз можа ўвесьці санкцыі супраць Беларусі, калі прэзыдэнцкія выбары будуць недэмакратычныя.
“Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў Эўрапейскі Зьвяз хоча ізноў націснуць на Беларусь і пагражае ўвядзеньнем санкцыяў, калі гэтыя выбары ня будуць дэмакратычнымі і ня будуць адпавядаць міжнародным стандартам”, - піша ў сёньняшнім нумары “Gazeta Wyborcza”.

Польскі штодзёньнік адзначае, што хаця праект дакумэнту, які маюць ўхваліць прысутныя ў Брусэлі міністры замежных справаў усіх 25 краінаў Эўразьвязу, не ўтрымлівае інфармацыі аб тым, якія гэта будуць санкцыі, дык, паводле газэты, гэта, хутчэй за ўсё, будзе пашырэньне сьпісу беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю краінаў Эўрапейскага Зьвязу.

Іншы польскі штодзёньнік – “Rzeczposplita” – адзначае, што супраць Беларусі цяжка ўвесьці эканамічныя санкцыі так, каб гэта не адбілася негатыўна на жыцьці звычайных людзей.

“У Беларусі практычна ўся гаспадарка ў руках дзяржавы, так што цяжка пакараць асобныя, зьвязаныя з рэжымам фірмы. Таму застаецца забарона на ўезд для чарговых чыноўнікам рэжыму і спроба замарозіць іхныя рахункі ў банках, што знаходзяцца на тэрыторыі Эўразьвязу”, - піша газэта.

“Rzeczposplita” піша таксама пра тое, што хаця кіраўніцтва Эўразьвязу ўвесь час падкрэсьлівае, што сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам не азначаюць, што Брусэль яго падтрымлівае, раней ніколі не здаралася, каб столькі эўразьвязаўскіх палітыкаў такога ўзроўню сустракаліся з апазыцыйным палітыкам трэцяй краіны. “Rzeczposplita” падкрэьлівае, што апошнія захады Эўразьвязу – сустрэчы з Мілінкевічам, пагрозы санкцыяў – былі ініцыяваныя перадусім Польшчай і Літвой.