Два пэнсіянэры МУС і КГБ змагаюцца за выключэньне Лукашэнкі з выбарчай кампаніі

Радыё Свабода Жыхары Віцебску Ануфры Рамановіч, былы супрацоўнік КГБ, і Аляксандар Мікулін, пэнсіянэр МУС, падалі скаргу ў Канстытуцыйны суд. На іхную думку, гэтая інстанцыя мусіць запачаткаваць афіцыйны працэс непрызнаньня вынікаў рэфэрэндуму 2004-га году, паводле якіх Аляксандар Лукашэнка атрымаў права чарговы раз балятавацца на прэзыдэнта.
Паводле Ануфрыя Рамановіча, суд павінен прааналізаваць некарэктнасьць вынесенага на рэферэндум 2004-га году пытаньня . Недзяржаўная прэса і грамадзкасьць неаднаразова зьвярталі ўвагу, што ў рэфэрэндумны бюлетэнь было ўнесенае пытаньне з дзьвюх частак: першае частка пытаньня датычылася таго, ці згодныя Вы дазволіць першаму прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку балятавацца на далейшы тэрмін, а другая частка таго, ці згодныя Вы, што прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь выбіраецца на пяць гадоў шляхам усеагульнага галасаваньня? А гэта азначае, што на дзьве розныя часткі пытаньня грамадзянін меў права даць розныя адказы: "так" ці "не". Грамадзянін ня меў магчымасьці выказаць сваю волю калі, напрыклад, ён быў згодны з выбарамі прэзыдэнта на пяць гадоў, але ня быў згодны з працягам паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі.

Два гады таму была выказаная прапанова накіраваць пытаньне рэфэрэндуму на лінгвістычную экспэртызу, каб там зрабілі выснову, ці магчымы ў дадзеным выпадку адназначны адказ. Але гэтага не зрабілі, і сама праблема неяк зьнікла з-пад увагі грамадзкасьці. На думку Ануфрыя Рамановіча, якраз цяпер, напярэдадні новых прэзыдэнцкіх выбараў, яе варта зноў актуалізаваць.

(Рамановіч:) “Мы лічылі, што мусілі ў Менску гэтую праблему ўзьняць і выступіць, што ёсьць вядучыя, вялікія палітыкі, у іх ёсьць свае юрысты, гэтак далей. Ці, можа, Аб''яднаная грамадзянская партыя мусіць з гэтай прапановай выступіць. Мы меркавалі, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў яны выкарыстаюць гэты факт. Але бачым, што ніякага руху няма, нашы вялікія палітыкі з гэтым пытаньнем не зьвяртаюцца, і мы ўзялі на сябе такую ініцыятыву”.

Ануфры Рамановіч і Аляксандар Мікулін папрасілі разгледзець скаргу ў паскораным парадку – у сувязі з набліжэньнем выбараў. Бо ў выпадку станоўчай рэакцыі Канстытуцыйны суд мусіць правесьці адмысловую працэдуру: зьвярнуцца ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь, каб той вынес зваротную прапанову зноў у Канстытуцыйны суд пра непрызнаньне вынікаў рэфэрэндуму 2004-га году.

(Рамановіч:) “Канешне, калі Канстытуцыйны суд разгледзіць усё аб''ектыўна і прынцыпова, то адменяцца вынікі рэфэрэндуму 2004-га году. І, адпаведна, Аляксандар Рыгоравіч, як чалавек, што ўжо адбыў больш як два прэзыдэнцкія тэрміны, ня мае права выстаўляць сваю кандыдатуру на чарговы тэрмін. Вось і ўсё!”

Спадары Мікулін і Рамановіч хочуць, каб іхная ініцыятыва стала шырока вядомай, таму копіі свайго звароту ў Канстытуцыйны суд яны накіравалі амаль ва ўсе друкаваныя мэдыі – як недзяржаўныя, так і дзяржаўныя. Яны просяць зьмясьціць скаргу на старонках газэт, каб пра яе даведаліся грамадзяне па ўсёй Беларусі, і, магчыма, падтрымалі яе ўласнымі зваротамі.