Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы асудзіла камуністычныя злачынствы

Радыё Свабода На пасяджэньні Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы была прынятая рэзалюцыя, якая асуджае парушэньні правоў чалавека таталітарнымі камуністычнымі рэжымамі.
Аднак ПАРЭ не хапіла галасоў для прыняцьця канкрэтных рэкамэндацыі для ўрадаў эўрапейскіх краінаў з тым, каб тыя афіцыйна асудзілі камуністычныя злачынствы і правялі адпаведныя расьсьледаваньні.

Праект рэзалюцыі з асуджэньнем злачынстваў камуністычных рэжымаў выклікаў гарачыя дэбаты. У выніку Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы, у складзе якой дэпутаты з 46 краінаў кантынэнту, прыняла рэзалюцыю простай большасьцю галасоў.

Злачынствамі камуністычных рэжымаў у рэзалюцыі называюцца пэрсанальныя і масавыя забойствы, сьмерці ў канцэнтрацыйных лягерах, голад, катаваньні, дэпартацыі, выкарыстаньне рабскай сілы ды іншыя формы масавага фізычнага тэрору.

У дакумэнце ўтрымліваецца заклік асудзіць гэтыя злачынствы гэтак жа, як і дзеяньні нацыстаў у часе Другой Усясьветнай вайны. Адзначаецца таксама, што таталітарныя камуністычныя рэжымы ўсё яшчэ існуюць у некаторых краінах сьвету.

Адзін з аўтараў рэзалюцыі Горан Ліндблат, сябра ПАРЭ са Швэцыі зьвярнуў увагу на наступны момант.

(Ліндблат: ) "Усім і кожнаму павінна быць зразумела, што мы асуджаем злачынствы, учыненыя ў імя камунізму – без аніякіх выключэньняў. І другое, пакуль жывы ахвяры камуністычных рэжымаў - ці іх родныя – у нас яшчэ ёсьць шанец кампэнсаваць ім маральныя страты».

Аднак рэкамэндацыя эўрапейскім урадам - афіцыйна асудзіць камуністычныя злачынствы і правесьці іх расьсьледаваньне - не набрала неабходных дзьвюх трацінаў галасоў.

Гэтыя прапановы катэгарычна адкінула расейская дэлегацыя, а таксама камуністы і сацыялісты з многіх эўрапейскіх краінаў. Лідэр расейскай Камуністычнай партыі Генадзь Зюганаў назваў гэта спробай правых партыі падзяліць Эўропу. Яшчэ адзін прадстаўнік расейскіх камуністаў Іван Мельнікаў абвінаваціў Ліндблата ў падвоеных стандартах і прыгразіў паменшыць фінансавы унёсак Расеі ў бюджэт Рады Эўропы. Гэтаксама каля 200 прыхільнікаў камуністаў з Расеі і многіх эўрапейскіх краінаў правялі акцыю пратэсту ля будынку Рады Эўропы ў Страсбуры.

Аднак ня ўсе расейцы падзяляюць такі пункт гледжаньня. Гаворыць намесьнік дырэктара маскоўскага Інстытуту Канады і ЗША. Віктар Крамянюк:

(Крамянюк: ) “У свой час Заходняя Эўропа, якая аб''ядналася ў НАТО, асудзіла камунізм, назвала яго сваім ворагам. Я быў здзіўлены, калі слухаў гэта, і падумаў: якія ж Вы сябры НАТО? Чаму ж вы маўчыце? Усё гэта малапераканаўча і некампэтэнтна. На жаль, атрымалася такая неадэкватная і не прадуманая да канца спроба”.

Паводле розных ацэнак, ахвярамі камуністычных рэжымаў у 20 стагодзьдзі сталі каля 100 мільёнаў чалавек – зь іх каля 65 мільёнаў – у Кітаі. Мяркуецца, што каля 20 мільёнаў чалавек былі забітыя ў Савецкім Саюзе, блізу 10 мільёнаў чалавек загінулі ў Паўночнай Карэі, Камбоджы, Аўганістане, Віетнаме, краінах Усходняй Эўропы, Лацінскай Амэрыкі і Афрыкі.

***

Сёньня ж Парлямэнцкая Ассамблея Рады Эўропы заклікала Эўразьвяз пашырыць рэжым адмаўленьня ў візах высокапастаўленым чыноўнікам Беларусі.

“Ассамблея заклікае Раду Эўропу пашырыць сьпіс высокапастаўленых афіцыйных асобаў рэжыму Лукашэнкі, у адносінах да якіх дзейнічае рэжым забароны вылдачы візаў”, -- гаворыцца ў рэзалюцыі ПАРЭ па Беларусі. ПАРЭ таксама заявіла аб неабходнасьці “прыняць адпаведныя крокі з мэтай выяўленьня і замарожваньня банкаўскіх рахункаў ды іншых сродкаў, якія належаць прэзыдэнту Лукашэнку і ягонаму атачэньню”.