У зьбіральніка подпісаў за Мілінкевіча забралі падпісныя лісты, парвалі куртку

Радыё Свабода Інцыдэнт адбыўся ў памяшканьні Фрунзенскага райвыканкаму пад час завярэньня подпісаў у кіраўніка раённай адміністрацыі Анатоля Кунцэвіча сябрам ініцыятыўнай групы Мілінкевіча Зьмітром Чародкам.
Спадар Кунцэвіч заўважыў, што на падпісных аркушах няма прозьвішча сябра ініцыятыўнай групы, канфіскаваў іх і перадаў у раённую выбарчую камісію.

Спадар Чародка запатрабаваў дапусьціць яго ў камісію на складаньне пратаколу, каб ён мог даць тлумачэньні, аднак у пакой яго гвалтам не пусьцілі, парваўшы пры гэтым куртку, паведаміў “Свабодзе” сам спадар Чародка.

Штаб адзінага кандыдата ад апазыцыі паскардзіліся ў ЦВК, мяркуючы, што старшыня райвыканкама перавысіў свае паўнамоцтвы, паколькі ён можа толькі завяраць подпісы, а не правяраць іх.

Намесьнік старшыні выканкама па ідэалёгіі сябра раённай выбарчай камісіі Георгій Козел ад камэнтару інцыдэнту адмовіўся.

Лёс канфіскаваных подпісаў не вырашаны.