“International Herald Tribune”: як перажывае газавы крызіс Грузія?

Радыё Свабода Ад учорашняга дня часткова адноўленыя пастаўкі газу ў Грузію пасьля таго, як у нядзелю ў выніку выбухаў на расейскай тэрыторыі былі пашкоджаная газаправоды і лініі электраперадач. Пра тое, як перажывае энэргетычны крызыс Грузія сёньня шырока піша заходняя прэса. Кароткі зьмест артыкулу ў газэце “International Herald Tribune” пераказвае наш карэспандэнт.
Нядзелю і пачатак панядзелка Грузія пражыла ў холадзе і амаль у поўнай цемнаце. Не працавалі школы і заводы, крамы гандлявалі пры сьвечках. Застаюцца ня высьветленыя прычыны чатырох выбухаў, якія вывелі са строю дзьве ліні электраперадач і два газаправоды ў паўднёвай частцы Расеі. Ніводная з ісламісцкіх груповак не ўзяла на сябе адказнасьці за дывэрсію.

Грузінскія чыноўнікі кажуць, што запатрабуецца прыкладна два дні, каб поўнасьцю аднавіць пастаўкі электрычнасьці і каля тыдня, каб на газаправодах нармалізаваўся ціск. Яны падкрэсьліваюць, што ўдалося пазьбегнуць поўнай катастрофы дзякуючы хуткай дапамозе суседняга Азэрбайджану, які паставіў Грузіі газ праз стары, яшчэ савецкіх часоў, газаправод, адрамантаваны летась. Трубаправод падключылі ў нядзелю ўначы, і празь яго паступае прыкладна дзьве траціны штодзённай патрэбы Грузіі ў газе.

Выбухі на расейскіх газаправодах парушыла пастаўкі газу і ў Армэнію, якая знаходзіцца на гэтай жа лініі ніжэй Грузіі. Аднак, Армэнія лягчэй перажыла сытуацыю, бо мела запасы паліва.

Прэзыдэнт Уладзімер Пуцін загадаў спэцслужбам павялічыць бясьпеку паліўнай інфраструктуры і спраўна правесьці расьсьледаваньне інцыдэнту. Пакуль жа расейскія афіцыйныя асобы, якія заявілі, што дывэрсію ажыцьцявілі экстрэмісты, ня могуць прывесьці гэтаму ніякіх доказаў. Прадстаўнік Пуціна ў рэгіёне Дзьмітры Козак заявіў, што рана рабіць нейкія высновы, пакуль не будзе завершана сьледзтва.

У панядзелак грузінскі прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі яшчэ раз паўтарыў сваё падазрэньне, што Расея наўмысна арганізавала выбухі, каб аказаць палітычны і эканамічны ціск на Грузію. На ягоную думку, шэраг акалічнасьцяў выглядаюць цьмяна, бо месца выбухаў кантралююць расейскія памежнікі і там няма ніводнай паўстанцкай групоўкі. Грузінскі ўрад зноў нагадаў сваё патрабаваньне да Расеі выдаць Грузіі двух меркаваных супрацоўнікаў расейскіх спэцслужбаў, якіх яна падазрае ў дывэрсіі на грузінскіх лініях электраперадач у 2004 годзе. Расея адмовілася выдаць іх раней і наўрад ці зробіць гэта цяпер.

Тым часам у Тбілісі ля расейскай амбасады адбылася дэманстрацыя пад антырасейскімі лёзунгамі. Людзі несьлі партрэт Пуціна з подпісам “Газпуцін” з намёкам на крывадушную асобу ў расейскай гісторыі – Распуціна.