Імёны Свабоды: Рыгор Шырма

Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.
Рызыкну сказаць, што імя майго сёньняшняга героя ў Беларусі ведае амаль кожны – нават той, хто ніколі ў жыцьці ня быў ні ў філярмоніі, ні наагул на канцэрце.

Рыгор Шырма, які нарадзіўся ў 1892 годзе гэтымі студзеньскімі днямі, з кагорты тых нацыянальных дзеячоў, аўтарытэт якіх бездакорны і для майго знаёмага старога настаўніка з-пад Маладэчна і для сустрэтага ўчора на праспэкце Скарыны незнаёмага маладзёна бамжаватага выгляду. Настаўнік памятае, як Шырма адчыняў у Заходняй Беларусі беларускія школы, дапамагаў выдавацца маладому Максіму Танку і двойчы сядзеў у польскай турме. А маладзён, пачуўшы несуладныя сьпевы падвяселенай вулічнай кампаніі, гіранічна кінуў: “Тожа мне Шырмы!”

У 1940-м Шырма стварыў і трыццаць гадоў бязьзьменна ўзначальваў Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлю Беларусі. Сабраныя й выдадзеныя ім чатыры тамы беларускіх народных песьняў зрабілі б гонар любой эўрапейскай нацыі.

За савецкім часам Шырма не цярпеў яўнага перасьледу. Наадварот, улада імкнулася ўсяляк аблашчыць маэстра. Ён кіраваў Саюзам кампазытараў рэспублікі, атрымаў званьні народнага артыста СССР і Героя сацыялістычнай працы. Але блізкія да Рыгора Раманавіча людзі сьведчаць, што і на схіле дзён ён заставаўся верны ідэалам маладосьці. Былы шматгадовы сакратар управы Таварыства беларускай школы балюча перажываў русіфікацыю сыстэмы адукацыі і ўсяго жыцьця ў БССР.

Ягоныя словы – “Песьня – душа народу” – сталі крылатымі. Так Шырма назваў кнігу сваіх артыкулаў, якая выйшла ў 1976 годзе. Расказваюць, што ўзяўшы ў рукі сыгнальны экзэмпляр, Рыгор Раманавіч, прачытаўшы назву, прамовіў: “А душу гэтую абкрадаюць”.

Такія, як Шырма, не дазволілі абкрасьці душу народу дарэшты.

Гл. таксама • Архіў перадачы "Імёны Свабоды"