Прыватны дзёньнік: Рыгор Барадулін

Рыгор Барадулін, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя зацемкі мінулага тыдня слухачам “Свабоды” прадстаўляе народны паэт Беларусі намінант на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры Рыгор Барадулін.
Субота, 14 студзеня

Кожны дзень мае сваю вершаліну і свой пень.

Даўно зьбіраліся сустрэцца. І сабраліся. Хізры Асадулаеў. Скульптар, паэт, музыка, сьпявак. Зямляк Расула Гамзатава. Між іншым, заўважае, што Расул нарадзіўся на суседняй гарэ. Як у крывічоў амаль у кожнага сваё возера, так і ў паэтаў Каўказу — свая гара. Карацінец. Карацінцаў звыш 14 тысяч. Піша на карацінскай і аварскай мовах. У Беларусь прыехаў у 1980-я гады. Вывучыў беларускую мову. І калі ў Дагестане праходзіла сьвята белых журавоў (гэта дзень паэзіі), ён прачытаў: “Няма народаў малых, бываюць малыя паэты”. Да Хізры пачалі падыходзіць беларусы й пытацца, ці не беларус ён, бо так добра мовіць па-беларуску. Хізры падкрэсьлівае, што трымаецца быкаўскага запавету: жыць трэба па-сумленнаму з самім сабой.

Нядзеля, 15 студзеня

Вярнуўся зь Вільні малады паэт Глеб Лабадзенка. Прывёз мне званочак з падковаю. З падтэкстам, вядома. Каб не драмаў. А Пэгасу замяніў зьбітую падкову. Няхай званочак і падкова гліняныя… Глеб заадно пахваліўся, што здаў экзамэн па беларускай літаратуры на ўсе 10. Я запытаўся ў яго, ці не па сваіх вершах адказваў. Сказаў, што па клясыцы. Я абнадзеіў маладога сябра, што на выпускным экзамэне ён выцягне білет, дзе будзе стаяць пытаньне пра творчасьць Глеба Лабадзенкі. І асабліва ўразіла мяне і абрадавала, калі Глеб пачытаў вершы аднакурсьніцы Яраславы Ананкі. Шалёна таленавітая паэтка ідзе ў нашую літаратуру. Ня будзе самотна Валерыі Куставай. А мы ўсё плачам, што паэзія затухае. Быў бы жар, а вогнішча прачнецца. І зашугае!

Панядзелак, 16 студзеня

З Рыгі вярнуўся Сяргей Шапран. Сказаў, што латыскі сябра Талрыб Руліс піша ўспаміны пра Васіля Быкава. Для кнігі, над якой працуе Сяргей. А з Ваўча, што на Вушаччыне, прыйшоў Сяргею ліст ад Валянціны Быкавай, Васілёвай сястры. Валянціна званіла ў Бычкі. Хата-музэй ня ўцепленая. Дровы не завезеныя. І гэта — у лесе. А экскурсіі аўтобусамі едуць ня толькі зь Беларусі. А музэй да ладу так і не даведзены.

Аўторак, 17 студзеня

Спачатку пайшоў у “коўню”. Там майстры, якім пакараецца мэтал. Няма таго, чаго б яны не маглі зрабіць непаўторна. Потым — у майстэрню да Міколы Байрачнага. Невялікая застольная бяседа. Сябры мастака ў развагах пра жыцьцё, пра творчасьць. Пра свабоду творчасьці й пра заказы. Мікола вясёла зазначыў, што ідэальны быў заказ у XVI стагодзьдзі. Папа Павал IIІ даў заказ Мікелянджэлё. І не націскаў, ня ўказваў. І яшчэ не адно стагодзьдзе будзе ўражваць Мікелянджэлёва фрэска “Страшны суд” ў алтары Сыкстынскай капэлі. А наагул, мастак вольны толькі тады, калі творыць, калі размаўляе з Вышнім духам. І галоўны заказчык — час, як спадручны яе бязьлітаснасьці Вечнасьці.

У майстэрні чакае ўвасобіцца ў бронзе конная скульптура. Гэта хваласьпеў нясхібнаму шляхетнаму духу. Трэба бачыць вершніка і каня! Конь спатыкнуўся, задумаўся. Слухае скруху. А вершнік яшчэ скача ў бітву. Аземленай бліскавіцай застыла шабля.

Серада, 18 студзеня

Раіўся з Алесем Камоцкім наконт вершаў…

Хварэе мой плацінавы сябра Генадзь Бураўкін. Турбую яго званкамі. Яму ж трэба быць мацаком, крывічом. Сёлета будзе 70. Кажу, што буду яго сабакам, які бяжыць уперадзе, абвяшчаючы ўсіх і адганяючы зласьліўцаў.

Васілю Сёмуху сёньня 70. Да яго не дазваніцца, як некалі да Брэжнева. У думках пажадаў Васілю сто год!

Чацьвер, 19 студзеня

Праца Міколы Байрачнага не дае спакою. І прыйшлі радкі:

І конь спатыкнуўся. Абвяў галавой І вецер суцішыўся ў грыве. А вершнік, Заручаны шабляй жывой, Магуціцца ў гордым парыве. Сама Перамога З усіх ваяроў Яго запрыкмеціць пасьпела. У рэчышчах жылаў Рашучая кроў На ўзьвіў крыгаломіцца сьмела. Да славы Ніколі ня стоміцца шлях. У стомы абвялыя шаты. Шляхетнага войска Спаконны працяг — Лунае палкоўнік крылаты…

Нарэшце — сапраўдная зіма. Мароз дыхае мне маленствам, дарагой зьніклай Вушаччынай. Зь незабытных гадоў гучыць ніколі ня чутны голас Максіма-кніжніка:

Здароў, марозны звонкі вечар…

Дзе тыя санкі, дзе тыя горкі? І невыпадковая ажывае рыфма: маразы — палазы. У аўто ня тая размова са сьнегам. Палазьня, як лінія жыцьця. Яна сьцёртая.

Пятніца, 20 студзеня

Ранішні званок зь Віцебску. Сяргей Рублеўскі. Выдатны паэт, блізкі зямляк, панавіты крывіч. Кажа, што пакінуў мне сваю кніжку ў Саюзе пісьменьнікаў. Трэба сьпяшацца забраць, пакуль не ачысьцілі будынак ад кіраўніцтва Саюзу і ад бібліятэкі. Пакуль ня выкінулі. На мароз, каб патрыятызм рос!