Чыноўнікі “пайшлі ў народ”

Радыё Свабода Падчас мінулых выбарчых кампаній для дасягненьня пасьпяховых вынікаў улада шырока выкарыстоўвала адміністрацыйны рэсурс. Ці адбываецца нешта падобнае цяпер? У якіх формах?
З абвяшчэньнем цяперашняй кампаніі ўлады актывізавалі працу з насельніцтвам. Як паведамляюць з рэгіёнаў, чыноўнікі “пайшлі ў народ”. Распавядае жыхарка вёскі Заазерцы Шаркаўшчынскага раёну Сафія Табола.

(Табола: ) “У нас да мяне завітала жанчына з райвыканкаму. Пыталася: як я жыву і ці добра мне? Ствараецца ўражаньне, што ўлада дужа клапоціцца пра людзей. Хаця вырашыць што-небудзь канкрэтнае яны ня могуць. Вось я задала пытаньне: чаму 1 студзеня былі зьнятыя ўсе аўтобусы, дык яна мне не адказала. Паціснула плячыма – гэтага, аказваецца, яна не вырашае”.

Актывізацыя працы з насельніцтвам найперш заўважна на вёсцы. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, менавіта тут пражывае найбольшая колькасьць яго прыхільнікаў. Захаваньне гэтага электарату, як лічаць назіральнікі, вымушае ўлады дэманстраваць цяпер павышаны “клопат” пра яго дабрабыт. Гаворыць сакратар выканкаму Суражскага пасялковага савету Тацьцяна Сцяпанава:

(Сцяпанава: ) “У нас тут і ЖКГ добра працуе: ацяпленьне ёсьць, вада ідзе, вадаправод добра працуе. У нас няма зваротаў грамадзян, што з-за маразоў зьявіліся нейкія збоі. У нас ёсьць і вёскі: там таксама крамы нашы працуюць, ідзе дастаўка прадуктаў, як належыць”.

Мяркуецца, што ад такой “увагі” чыноўнікаў будзе аддача 19 сакавіка.Тым больш, што “рэпэтыцыя” выбараў у выглядзе збору подпісаў тут, як лічаць назіральнікі, удалася. У сельсаветах, клюбах і вясковых крамах чыноўнікі сабралі процьму подпісаў за Лукашэнку. Цяжэй са зборам было ў гарадах. Але адміністрацыйны ціск і тут рабіў сваю справу. Распавядае актывістка дэмакратычнага руху з Салігорску Ларыса Насановіч:

(Насановіч: ) “Як нам тлумачылі жыхары гораду, прыходзілі з домаўпраўленьняў, прычым, не паказвалі ніякіх пасьведчаньняў прыналежнасьці да ініцыятыўных груп, казалі, што трэба падпісацца за Лукашэнку. На прадпрыемствах людзей у масавым парадку падпісваюць за Лукашэнку. Ва ўсіх страх, што зь імі не будзе падоўжаны працоўны кантракт”.

Патлумачыла спадарыня Насановіч з Салігорску.