Ці будуць "Народныя бюлетэні" прызнаныя афіцыйна?

Радыё Свабода Слухачы "Свабоды" задаюць пытаньні: Ці будуць "Народныя бюлетэні", прапанаваныя Зянонам Пазьняком, прызнаны афіцыйна? Ці выбарчыя камісіі іх забракуюць як несапраўдныя?
Адказаць на гэтае пытаньне мы папрасілі сакратара Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньню рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Мікалая Лазавіка:

(Лазавік: ) “Артыкулам 72-м выбарчага кодэксу вызначаныя патрабаваньні да выбарчага бюлетэня. Ён павінны быць устаноўленага ўзору. Устанаўлівае ўзор бюлетэня і ягоны зьмест Цэнтральная выбарчая камісія ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі кодэксу. Ізноў жа, у частцы 9 артыкулу 55 выбарчага кодэксу сказана, што пры правядзеньні выбараў прызнаюцца несапраўднымі бюлетэні не ўстаноўленага ўзору. Так што прапановы апусьціць у выбарчую скрыню пры галасаваньні самаробныя бюлетэні не адпавядаюць патрабаваньням выбарчага заканадаўства й, канечне ж, такія бюлетэні будуць прызнаныя несапраўднымі”.

Ці магчыма абскардзіць рашэньне Цэнтрвыбаркаму аб непрызнаньні “народных бюлетэняў”? На гэтае пытаньне адказвае былы чалец Канстытуцыйнага суду, юрыст Міхаіл Пастухоў.

(Пастухоў: ) “Трэба гэтак паступіць для ініцыятараў гэтай ідэі з народным галасаваньнем. Трэба афіцыйна зьвярнуцца ў выбарчую камісію з прапановай, каб яны разам з асноўным выбарчым бюлетэням, зацьвердзілі дадатковы бюлетэнь для народнага галасаваньня. Калі Цэнтрвыбаркам адмовіць, тады можна падаць скаргу ў Вярхоўны суд. Але ж я на сто адсоткаў упэўнены, што Цэнтрвыбаркам не пагодзіцца ні на якія дадатковыя бюлетэні, а таму шанцаў дамагчыся афіцыйнага прызнаньня другога бюлетэня, няма ніякіх. Я думаю, што юрысты адміністрацыі ці яшчэ якія-небудзь будуць зараз шукаць артыкул пад які падвесьці дзеяньні тых грамадзянаў, якія будуць кідаць дадатковыя бюлетэні, пазначыўшы свае прозьвішчы”.