Патрапіць ва ўчастковыя выбарчыя камісіі апазыцыі будзе цяжка (абноўлены)

Уладзімер Глод, Менск Пачалося масавае вылучэньне кандыдатаў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, якіх па краіне створана каля сямі тысяч. Ці трапяць туды прадстаўнікі дэмакратычных партыяў і рухаў?
Першы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч прагназуе, што сёлета стаць сябрамі ўчастковых камісіяў апазыцыі будзе цяжэй, чым на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах. Тады, нагадаем, апазыцыйныя актывісты склалі толькі 3% ад усёй колькасьці сябраў камісіяў:

(Ляўковіч: ) “Цяпер у тэрытарыяльныя камісіі наша партыя вылучыла каля пяцідзесяці чалавек, а не ўключылі туды ніводнага. А тыя гады, прынамсі, падчас парлямэнцкіх кампаніяў, у тэрытарыяльныя камісіі некалькі чалавек усё ж уключалі. Адсюль я раблю высновы — калі ў тэрытарыяльныя камісіі не ўзялі, дык ва ўчастковыя тым больш ня возьмуць. Бо ў тэрытарыяльнай камісіі могуць запрасіць на паседжаньне, могуць не запрасіць і г.д. А вось ва ўчастковай камісіі, асабліва, калі ў дзень выбараў сядзіць чалавек ад апазыцыі на выбарчым участку, гэта, можна сказаць, бомба. Таму я больш, чым упэўнены, што ва ўчастковыя камісіі ўлады тым больш прадстаўнікоў апазыцыі не ўключаць”.

У рэгіёнах вылучаць сваіх прадстаўнікоў у камісіі апазыцыйныя актывісты спрабуюць пераважна праз збор подпісаў, паколькі колькасьць партыйных суполак і грамадзкіх арганізацыяў апошнім часам там значна скарацілася. Гаворыць кіраўнік перадвыбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча ў Ваўкавыску Мікалай Аксаміт:

(Аксаміт: ) “Мы зьбіраем подпісы, і ад грамадзянаў будзем вылучаць у камісіі. Гэта, я лічу, нават і лепш. Бо на партыю можна ж вешаць Бог ведае што. А на людзей жа не павесіш. Людзі хочуць вылучыць”.

Першы сакратар Гомельскага абкаму Партыі камуністаў Беларускай Уладзімер Сякерка гаворыць, што ў вобласьці вылучаюць кандыдатаў ва ўчастковыя камісіі ня толькі праз збор подпісаў:

(Сякерка: ) “Там, дзе ў нас ёсьць магчымасьць вылучаць ад партыйных структураў, мы пойдзем гэтым шляхам. Але ж у нас ідзе працэс ліквідацыі палітычных партыяў. Штодня з гэтым сутыкаюся: і зь юрыдычнымі адрасамі, і зь іншым — пагрозы, правакуюць выхад з партыі і г.д.”.

У Маладэчанскім раёне (разам з горадам) створаны 82 выбарчыя ўчасткі. Паводле супрацоўніцы райвыканкаму, сябра раённай выбарчай камісіі Натальлі Ўшакевіч цяпер ідзе вылучэньне кандыдатаў у сябры ўчастковых камісіяў. Спадарыня Ўшакевіч цьвердзіць, што да адбору іх падыдуць аб’ектыўна:

(Ушакевіч: ) “Працуем выключна ў адпаведнасьці з Выбарчым кодэксам. Адкрылі кодэкс, і ўсё паводле закону”.