У маразы часьцей грамадзкі транспарт хадзіць ня будзе – няма сродкаў

Радыё Свабода Агляд некаторыях выданьняў недзяржаўнай прэсы
Газэта “Вольнае Глыбокае” паведамляе сэнсацыйную навіну – мясцовыя камунальнікі, праводзячы каналізацыю пад возерам Глыбокае ў цэнтры гораду, адкапалі драўляную будыніну, апрацаваную крамянёвай сякерай. Паводле папярэдняга заключэньня віцебскага археоляга Марата Клімава, гэта стаянка эпохі нэаліту – раньняга бронзавага веку. Ягонае заключэньне пацьвердзілі й менскія калегі. Пакуль што навукоўцы схіляюцца да думкі, што паселішча ля Глыбокага возера было яшчэ каля 5 тыс. гадоў таму.

Слонім і Ваўкавыск адведаў Аляксандар Мілінкевіч, пра гэта паведамляюць карэспандэнты “Газэты Слонімскай”. Газэта піша і пра даўгабуды ў горадзе – будынак тэатру, гандлёвы цэнтар, буйная крама, будынак гарадзкога кірмашу. Апошні ўзводзяць ужо 10 год, недабудаваныя сьцены пачалі асыпацца. Навакольныя жыхары зладзілі там гіганцкі сьметнік. Нядаўна мясцовыя ўлады прынялі рашэньне зьнесьці даўгабуд, у які ўжо ўкладзеныя дзясяткі мільярдаў рублёў.

“КП в Беларусі” раіць, як перажыць маразы, што зь сёньняшняй ночы будуць узмацняцца. Дырэктар "Мінсктрансу" Уладзімер Вайзнэр аднак папярэджвае, што часьцей грамадзкі транспарт хадзіць ня будзе – няма сродкаў. ДАІ рэкамэндуе аўтамабілістам ня езьдзіць на далёкія адлегласьці – пры такім марозе акумулятар часта ня можа запусьціць рухавік. Ня будуць працаваць адкрытыя гандлёвыя рады. У выпадку, калі маразы сягнуць 25 градусаў, зачыняцца школы й садкі. Сыноптыкі таксама папярэджваюць, што рэштка зімы й нават вясны будзе вельмі сьнежнай. Беларускія сяляне зладзяць уласную алімпіяду ў Стайках. У спаборніцтве маюць удзельнічаць толькі сельскія жыхары. Самі ж спаборніцтвы – гэта лыжы, стрытбол, гіравы спорт, настольны тэніс. Цьвік праграмы – перацягваньне канату.

Выпуск газэты “Гоман Барысаўшчыны” адкладаецца яшчэ на 10 дзён. Пасьля скасаваньня дамовы на распаўсюд і падпіску газэта перажывае падзеньне накладу. Рэдакцыя ня мае сталага прытулку й працуе ў доме рэдактара.