Незалежныя мэталісты просяць абароны ў пракурора

Радыё Свабода Лідэр суполкі Свабоднага прафсаюзу мэталістаў (СПМ) прадпрыемства “Лёс” (г.Барань, Віцебская вобласьць) Васіль Леўчанкаў зьвярнуўся да пракурора Воршы па абарону прафсаюзных правоў.
У звароце гаворыцца, што адміністрацыя “Лёсу” дамагаецца пазбавіць прафсаюз офісу, які належыць яму ў адпаведнасьці зь дзеючай калектыўнай дамовай. 13 студзеня дырэктар прадпрыемства Віталь Асяледзец загадаў дэмакратычнаму прафсаюзу ў трохдзённы тэрмін выселіцца з памяшканьня, якое нібыта той займае ў парушэньне заканадаўства.

Паводле адміністрацыі, заканадаўства сьцьвярджае, што суполкі СПМ, у адрозьненьне ад арганізацый Фэдэрацыі прафсаюзаў, кантраляваных дзяржавай, ня маюць права на бясплатную арэнду завадзкіх памяшканьняў. Але, каб і арандаваць яго за грошы, суполка СПМ павінна, як лічыць адміністрацыя, атрымаць дазвол Міністэрства сувязі. Спадар Леўчанкаў мяркуе, што ініцыятыва пазбаўленьня прафсаюзу офісу выклікана намерам зьнішчыць арганізацыю, у якой каля 100 сяброў.