Алесь Бяляцкі: "Лепш бы нам такіх прэміяў не атрымліваць"

Радыё Свабода Нарвэскі Хэльсынскі камітэт ўзнагародзіў Алеся Бяляцкага – кіраўніка зьліквідаванага беларускага праваабрончага цэнтру “Вясна” прэміяй Андрэя Сахарава. У тлумачэньні да ўзнагароды сказана, што Алесь Бяляцкі аказвае праўную, палітычную і практычную дапамогу ахвярам аўтарытарнага ўраду Аляксандра Лукашэнкі.
Нарвэская праваабарончая арганізацыя ўсталявала прэмію ў гонар знакамітага расейскага праваабаронцы Андрэя Сахарава ў 1980-м годзе. Гаворыць атрымальнік прэміі Алесь Беляцкі:

(Бяляцкі: ) "З аднаго боку, гэта ёсьць прызнаньнем нашых пэўных, я б так сказаў, намаганьняў у адстойваньні правоў чалавека ў Беларусі. Варта падкрэсьліць, што хаця такія прэміі і індывідуальныя, яны ёсьць прызнаньнем агульных намаганьняў і высілкаў як усёй былой "Вясны", якая зараз ужо ліквідаваная, і іншых праваабарончых арганізацыяў.

З другога боку, Нарвэскі Хэльсынскі камітэт хоча яшчэ раз прыцягнуць увагу і міжнароднай супольнасьці, і саміх беларусаў да таго, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, на жаль, вельмі кепская. Таму гэта сумная ўзнагарода, лепш бы нам такіх прэміяў не атрымліваць.

Гэтая прэмія імя Андрэя Сахарава мае вялікую гісторыю. Яна была заснаваная ў 1980 годзе, калі існаваў Савецкі Саюз і Сахараў быў у жорсткай апазыцыі да камуністычнага рэжыму. Гэтая прэмія – дастаткова сымбалічная, яна перадае драматызм і вастрыню сытуацыі з правамі чалавека, якая была ў тыя часы. У камуністычныя часы гэтай прэміяй была, сярод іншых, уганараваная чэхаславацкая арганізацыя "Хартыя-77", якая тады таксама была забароненая".

Летась дзьве міжнародныя прэміі атрымала намесьнік рэдактара БДГ Ірына Халіп. У траўні яна была ўзнагароджаная нямецкай прэміяй імя Генры Нанэна “за мужныя выступы у абарону свабоды друку”, у верасьні часапіс "Time" уганараваў беларускую журналістку званьнем “Героя Эўропы” ў намінацыі “Адважнае сэрца”. У чэрвені летась прэмію імя Герда Буцэрыюса, заснаваную нямецкім фондам “Zeit-Stiftung” сумесна з нарвэскім фондам “Fritt Ord”, атрымалі агенцтва навінаў БелаПАН і рэдакцыя газэты “Віцебскі кур''ер”.