Мабільныя тэлефоны будуць праслухоўвацца на законных падставах

Радыё Свабода На просьбу міністра ўнутраных справаў Беларусі Ўладзімера Навумава міністар сувязі і інфарматызацыі Ўладзімер Ганчарэнка даў згоду на спрошчанае атрыманьне інфармацыі пра ўладальнікаў мабільных тэлефонаў апэратараў “МТС”, “Velcom” і “БелСел”. Доступ да раней канфідэнцыйнай інфармацыі замацаваны адпаведным міжведамасным пагадненьнем.
Прадстаўнік Міністэрства ўнутраных справаў Віталь Грынкевіч патлумачыў, што падобныя захады робяцца дзеля таго, каб аблегчыць працу дазнавальна-сьледчым органам. У адпаведнасьці з дакумэнтам, падпісаным паміж МУС і Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі, апэратары электрасувязі мусяць забясьпечыць сілавыя структуры інфармацыяй, неабходнай дзеля апэратыўна-вышуковай дзейнасьці. Спадар Грынкевіч пацьвердзіў, што ў гэты пералік “у скрайнім выпадку” ўваходзіць і магчымасьць праслухоўваньня прыватных размоваў.

Прадстаўнікі кампаніяў “МТС”, “Velcom” і “БелСел” пакуль устрымліваюцца ад камэнтароў з нагоды рашэньня МУС. Там заяўляюць, што ніякіх падрабязных інструкцыяў на гэты конт яшчэ не атрымлівалі. Толькі ў офісе “Velcom” далі зразумець: калі такую інфармацыю ад іх запатрабуюць, то яны мусяць падпарадкавацца -- для апэратараў дакумэнт мае сілу закону.

Хоць фармальна пералічаныя прадпрыемствы і лічацца камэрцыйнымі, ад мінулага году іхных кіраўнікоў прызначае асабіста Аляксандар Лукашэнка. Да таго ж, на запатрабаваньне сілавікоў апэратары электрасувязі і дагэтуль мусілі падаваць патрэбную інфармацыю. Але раней працэдура была марудная і патрабавала шэрагу ўзгадненьняў. Цяпер, як лічаць у МУС, зьвесткі пра злачынцаў, якія карыстаюцца мабільнай сувязьзю, будуць трапляць у рукі апэратыўнікаў практычна імгненна, а клопат з атрыманьнем неабходных дакумэнтаў будзе зьведзены да мінімуму.

Праваабаронцы мяркуюць, што ў часе значных палітычных кампаніяў паняцьце “злачынцаў” можа быць істотна пашыранае. Прынамсі, пагадненьнем паміж МУС і Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі сілавыя структуры атрымалі магчымасьць фактычна на законных падставах праслухоўваць размовы ня толькі патэнцыйных крымінальнікаў, але і апанэнтаў улады. Праваабаронца Алег Гулак перакананы, што падобныя захады не абумоўленыя нейкай асаблівай крымінагеннай сытуацыяй у краіне. Адметна, што такі крок зроблены напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Як кажа спадар Гулак, мішэньню міжведамаснай ініцыятывы патэнцыйна зьяўляецца кожны грамадзянін Беларусі, асабліва -- актыўны апанэнт цяперашняй улады.

На падставе зьвестак апэратара сотавай сувязі сьледзтва пэўны час падазравала ў забойстве журналісткі Веранікі Чаркасавай ейнага сына, 16-гадовага Антона. Сьледчыя грунтаваліся на тым, што падчас апошняй размовы з маці ягоны званок зафіксавала станцыя зусім ня ў тым раёне, дзе, паводле юнака, ён знаходзіўся. А спроба ўвесьці ў зман была падазроная. Тэлефанаваньне з мабільнага тэлефону стала падставай да вынясеньня прысуду маёру міліцыі Віктару Гусаку -- ён асуджаны да працяглага тэрміну зьняволеньня за “распаўсюд парнаграфіі ў Інтэрнэце”. Як выявіла сьледзтва на падставе зьвестак аднаго з апэратараў электрасувязі, сьведчаньні маёра не супадалі зь ягонымі тэлефоннымі перамовамі. Праўда, сваякі ды адвакаты затрыманых лічаць, што грунтавацца толькі на падобных зьвестках -- недастаткова.

***

Паводле зьменаў у амэрыканскае заканадаўства, прынятых пасьля тэрарыстычных атак 11 верасьня 2001 году, магчымасьці праваахоўных органаў патаемна праслухоўваць тэлефонныя размовы былі пашыраныя. У сьнежні летась прэзыдэнт Джордж Буш заявіў, што па ранейшаму будзе дазваляць падслухоўваньне тэлефонных размоваў бяз санкцыі суду, пакуль Злучаныя Штаты будуць сутыкацца з тэрарыстычнай пагрозай. Паводле прэзыдэнта, пасьля 11 верасьня 2001 году ён больш за 30 разоў працягваў праграму патаемных праслухоўваньняў і будзе рабіць гэта і надалей.

У Эўропе дзейнічаюць больш строгія правілы. Эўрапейскі суд у правох чалавека ўстанавіў стандарты па перахопу тэлефонных паведамленьняў, якія абавязковыя для ўсіх краінаў, якія падпісалі Эўрапейскую канвэнцыю ў правох чалавека. Падставай для гэтых стандартаў стала рашэньне суду, прынятае яшчэ ў 1978 годзе пры разглядзе скаргі нямецкага грамадзяніна. Паводле рашэньня “праслухоўваньне тэлефонных размоваў дазволена толькі ў выпадку, калі ёсьць фактычныя сьведчаньні, што асоба датычная да сур''ёзнага злачынства. Пробнае ці агульнае праслухоўваньне не дазваляецца. Загад аб падслухоўваньні можа быць аддадзены толькі тады, калі атрыманая пісьмовая заява кіраўніка адпаведнай службы ці ягонага намесьніка, якая матывую прычыну гэтых дзеяньняў”.