БТ называе рэдактара польскага часопіса "патэнцыйным крымінальнікам"

Радыё Свабода, Горадня Выйшаў новы нумар часопісу “Magazyn Polski ў эміграцыі”, надрукаваны ў Польшчы пры дапамозе камітэту “Салідарныя зь Беларусьсю”. Сёньня ён трапіў да чытачоў на Гарадзеншчыне. Тым часам у апошнім выпуску праграмы Беларускага тэлебачаньня “У цэнтры ўвагі” быў паказаны сюжэт нібыта пра недружалюбную палітыку польскіх уладаў адносна Беларусі. Гэтым разам з актывістаў непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў быў вылучаны толькі галоўны рэдактар гэтага часопісу Андрэй Пачобут, якога назвалі “патэнцыйным крымінальнікам”.
Андрэй Пачобут зьвязвае увагу да сябе з тым, што ў новым нумары “Магазына польскага ў эміграцыі” высокія афіцыйныя асобы польскай дзяржавы гавораць аб падтрымцы дэмакратычна абранага кіраўніцтва Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс, актывістаў якога перасьледуюць беларускія ўлады. Што датычыць уласна Андрэя Пачобута, яго лічаць падазраваным па справе аб запалохваньні спадара Богдана са Шчучына, які кіруе там Домам польскім. Паводле спадара Пачобута, кіраўнікі Саюзу палякаў наведваюць мясцовыя аддзелы часам разам з польскімі дыпляматамі, якія імкнуцца падтрымліваць сувязі з сябрамі СПБ.

(Пачобут: ) “Калі мы наведваем аддзелы Саюзу палякаў, амаль заўжды адчуваем пільную увагу з боку спэцслужбаў за намі. Напрыклад, калі мы езьдзілі ў Забалаць, то нават верталёт быў пастаўлены памежны, і ўся тэрыторыя была ачэплена памежнікамі”.

Андрэй Пачобут зазначае, што яны наведалі больш за 50 аддзелаў СПБ на Гарадзеншчыне, гэта больш як палова ўсіх аддзелаў СПБ. Там людзі падтрымліваюць Анжаліку Борыс, заяўляе Пачобут.

Тым часам старшыня афіцыйнага праўладнага Саюзу палякаў Юзаф Лучнік сказаў Радыё Свабода, што ў 16 мясцовых арганізацыях СПБ яны правялі справаздачна-выбарчыя сходы, большасьць кіраўнікоў зьмяніліся, і цяпер там наладжваецца работу. Такія сходы адбыліся, напрыклад, у Наваградку, у Ваўкавыску, Поразаве, Забалаці, а таксама у Віцебску і Браславе. Цяпер праходзяць калядныя конкурсы самадзейнасьці: у суботу быў у Слоніме, а 29 студзеня адбудзецца ў Лідзе. Паводле спадара Лучніка, Саюз існуе на спонсарскую дапамогу, а ўлады пакуль аказваюць такую падтрымку:

(Лучнік: ) “Стараемся дамаўляцца адносна бясплатнага прадстаўленьня клюбаў, у чым нам ідуць насустрач. Дамаўляемся з арганізацыямі, з гаспадаркамі пра падвоз тых жа дзяцей на мерапрыемствы, якія мы праводзім”.