Былога старшыню райвыканкаму падазраюць у хабарніцтве

Радыё Свабода, Берасьце Пракуратура Берасьцейскай вобласьці распачала крымінальную справу ў адносінах да Канстанціна Сіневіча, якім раней кіраваў "вэртыкальлю" ў Кобрыні, а апошнім часам працаваў саветнікам старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму.
Паводле папярэдніх зьвестак, спадара Сіневіча падазраюць у атрыманьні хабару памерам 300 амэрыканскіх даляраў ад аднаго з кобрыньскіх прадпрымальнікаў.

Варта заўважыць, што ў 1994-м годзе Канстанцін Сіневіч быў першай адказнай асобай, якую Аляксандар Лукашэнка пасьля прэзыдэнцкіх выбараў прызначыў на Берасьцейшчыне.

Доўгі час спадар Сіневіч узначальваў у вобласьці прэзыдэнцкую службу кантролю, якая пасьля была перайменаваная ў Камітэт дзяржаўнага кантролю.