Уладзіслаў Чарняўскі

Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”
“Кожны народ павінен маліцца ў сваёй мове”. Вернасьць гэтаму крэда беларускі сьвятар Уладзіслаў Чарняўскі пранёс праз усё сваё ахвярнае жыцьцё.



Ягоны зямны шлях пачаўся 90 гадоў таму, 14 студзеня 1916 году ў ваколіцах старажытных Гальшанаў. Гімназія пры Друйскім кляштары марыянаў, што знаходзілася пад уплывам беларускіх ксяндзоў, дала душы моцны нацыянальны гарт. Сваю першую імшу малады сьвятар Уладзіслаў, як і некалі ягоны брат па духу Адам Станкевіч, адправіў па-беларуску ў касьцёле гістарычнага Крэва. Ад 1954-га амаль паўстагодзьдзя айцец Уладзіслаў служыў у касьцёле Марыі ў мястэчку Вішнева пад Валожынам.

Гэтае старажытнае мястэчка цікавае ня толькі касьцёлам-помнікам раньняга барока. Зь Вішневам было зьвязанае жыцьцё асьветніка Сымона Буднага, у гэтых мясьцінах жылі і былі пахаваныя паэтка Канстанцыя Буйла і мастак Фэрдынанд Рушчыц. Аднак у 70-80-я гады мінулага стагодзьдзя ў Вішнева прыяжджалі найперш да айца Ўладзіслава, на той час адзінага ў Беларусі каталіцкага сьвятара, які служыў па-беларуску. У яго бываў Зянон Пазьняк. Да яго ехала па духоўную падтрымку адраджэнская моладзь. Я ведаю дзясяткі людзей, якія прынялі ў айца Ўладзіслава хрост. Сярод іх – вядомы сучасны праваабаронца Алесь Бяляцкі.

У 1966-м рымскі папа Павал VI прапанаваў Чарняўскаму заняць пасаду адміністратара для ўсіх каталікоў Беларусі. Савецкія ўлады не далі на гэта дазвол, як пазьней адхілілі і просьбу Ватыкану аб прызначэньні вішнеўскага ксяндза біскупам. Улады некалькі разоў не дазвалялі айцу Ўладзіславу паехаць у Рым, але былі ня ў стане пахіснуць велізарны маральны аўтарытэт сьвятара.

Ён адышоў у Вечнасьць пяць гадоў таму, пасьпеўшы ўбачыць зьдзяйсьненьне сваёй мары пра беларускую мову ў каталіцкіх сьвятынях, гэтак сама як і пасьпеўшы ўзяць у рукі выдадзены ў 1999-м яго пераклад “Новага Запавету”.