Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.
Галоўная тэма большасьці лістоў, якія мы атрымліваем у гэтыя студзеньскія дні, — хуткія прэзыдэнцкія выбары, што маюць адбыцца 19 сакавіка. Як слухачы ацэньваюць пачатак выбарчай кампаніі? Ці спадзяюцца, што выбары будуць дэмакратычнымі і справядлівымі? Ці бачаць спосабы, з дапамогай якім магчыма супрацьстаяць фальшаваньням? На гэтую тэму — электронны ліст ад слухача зь Менску, які не называе свайго прозьвішча: абмяжоўваецца імем — Іван.
“Я згодны з тымі, хто лічыць, што праводзіць выбары паводле нашага заканадаўства — гэта ўсё роўна, што зусім іх не праводзіць. Можна адразу абвясьціць пераможцу. Але зьмена Выбарчага кодэксу — не такая простая справа. Ды і ніхто цяпер гэтым займацца ня будзе. Таму трэба шукаць іншае выйсьце.
Вядома, што фальсыфікацыі адбываюцца ў час датэрміновага галасаваньня. Са скрыні дастаюць сапраўдныя бюлетэні і замест іх укладваюць “правільныя”. Ня ведаю дакладна, але лічу, што колькасьць бюлетэняў у скрыні ў час падліку адпавядае колькасьці людзей у сьпісе. Скрыня апячатана толькі зьверху і толькі адной арганізацыяй (Цэнтравыбаркамам, калі я не памыляюся). Таму можна лёгка адчыніць яе зьнізу і зрабіць усё, што пажадаеш. Я бачыў, што ў іншых краінах выкарыстоўваюць празрыстыя скрыні, якія адчыняюцца толькі з аднаго боку. Можна запатрабаваць, каб і ў нас замянілі чырвоныя фанэрныя скрыні на празрыстыя, але гэта каштуе грошай. Хачу прапанаваць іншае выйсьце. Трэба, каб скрыні былі апячатаны з усіх бакоў, і ня простай паперай зь пячаткай, а спэцыяльная стужкай, на якой зьяўляецца тэкст пры яе пашкоджаньні. І апячатваць павінны незалежныя арганізацыі. Прычым, гэта ўсё павінна быць афіцыйна. Ну, і самае галоўнае — трэба заклікаць людзей, каб не галасавалі датэрмінова”.
Ня думаю, Іван, што новы спосаб апячатваньня скрыняў для бюлетэняў можа нейкім вырашальным чынам паўплываць на аб’ектыўны падлік галасоў. Ніякія нават самыя сучасныя плястыкавыя скрыні і стужкі для апячатваньня ня могуць забясьпечыць аб’ектыўнасьці і справядлівасьці, калі ў выбарчыя камісіі не дапушчаны прадстаўнікі апазыцыі; калі няма магчымасьці для дзейнасьці на ўсіх этапах выбарчай кампаніі незалежных назіральнікаў; калі прэтэндэнты ад пачатку пастаўлены ў няроўныя ўмовы (гэта датычыць і магчымасьцяў сустрэчаў з выбарцамі, і доступу да мэдыяў, і многага іншага).
Што датычыць вашай, Іван, прапановы наконт таго, каб скрыні для галасаваньня апячатвалі незалежныя назіральнікі — то гэта немагчыма бязь зьмены Выбарчага кодэксу. А пра тое, наколькі магчымая і верагодная такая зьмена ў сёньняшніх умовах, вы сам пераканаўча напісалі ў сваім лісьце.
Новы ліст ад нашага даўняга слухача і аўтара Міколы Канаховіча з Пружанаў. Спадар Канаховіч цьвёрда трымаецца перакананьня, што адзіным годным кандыдатам на пасаду прэзыдэнта ёсьць Зянон Пазьняк:
“Калі б у 1994 годзе наш беларускі народ не ачмурэў ад хлусьні артадоксаў, а на цьвярозыя вочы прыняў палітычна-эканамічную праграму Пазьняка, дык сёньня Беларусь па сваім разьвіцьці была б на першым месцы сярод краінаў Усходняй Эўропы па ўсіх паказчыках. Загадкай застаецца тое, чаму беларускі народ выбраў для сябе лёс раба і сьмерці, а ня волі і радасьці жыцьця. Няўжо д’ябал перамог у асобна ўзятай краіне, каб сьцерці яе з мапы сьвету? Зянон Пазьняк быў і застаецца адным з самых першых і выбітных лідэраў беларускага народу”.
У 1994 годзе, спадар Канаховіч, прэзыдэнцкія выбары былі параўнальна сумленныя і справядлівыя. І каб перамагчы ў іх, палітык павінен быў добра ведаць настроі і чаканьні, якія пануюць у грамадзтве, агучваць гэтыя чаканьні ў сваіх выступах перад людзьмі, якія да таго былі шматкроць падманутыя і прыніжаныя. Зянон Пазьняк тады ў другі тур выбараў ня выйшаў. Якой магла стаць Беларусь, калі б дванаццаць год таму здарылася неверагоднае і ён перамог? Цяжка сказаць. У некаторых краінах былога Савецкага Саюза на пачатку 1990-х гадоў лідэры нацыянал-дэмакратычных і нацыяналістычных сілаў прыйшлі да ўлады, але пратрымаліся ля кіраўніцтва нядоўга. Гэтак было і ў краінах Балтыі, і ў Грузіі, і ў Азэрбайджане.
У аглядзе пошты 4 сьнежня прагучаў ліст ад нашага даўняга слухача і сябра Антося Толы зь вёскі Мікулічы Баранавіцкага раёну. Антось распавёў пра тое, што раней некаторыя перадачы “Свабоды” запісваў з прыймача на дыктафон, а потым слухаў сам і даваў паслухаць іншым — асабліва падчас доўгага чаканьня аўталаўкі, калі на вуліцы зьбіраецца шмат знаёмых аднавяскоўцаў. Многія людзі прыхільна ставіліся да гэтага, але аднаго разу здарыўся інцыдэнт: мясцовы пэнсіянэр, прыхільнік Лукашэнкі, не задаволены тым, што людзі слухаюць “Свабоду”, пачаў лаяцца і выбіў дыктафон з рук Антося.
На гэтую гісторыю адклікнуўся наш слухач Іван Бычкоў з Магілёва:
“Такое можа здарыцца дзе заўгодна. Будзе ваш слухач дэманстратыўна пры людзях слухаць “Свабоду” — можа страціць прыймач, ды яшчэ і аплявуху атрымае. Бо наш народ давярае толькі прэзыдэнту Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку. А ўсіх, хто супраць прэзыдэнта, называе апазыцыянэрамі ды іншымі нядобрымі словамі. Людзі лічаць так: прыйдуць да ўлады Пазьняк, Шушкевіч ды Кебіч — ня стане пэнсіяў, а цукар, гарэлка і віно зноў будуць па сьпісах ды талёнах, як на пачатку перабудовы. Так што ўсе, акрамя Лукашэнкі, гэта стаўленікі Захаду, а значыць, ворагі нашага народу. Свой дакладны і правільны адрас пісаць няма сэнсу, бо з прыняцьцём паправак у Крымінальны кодэкс за перапіску з вамі можна атрымаць два гады турмы”.
Калі памятаеце, спадар Бычкоў, тая гісторыя з дыктафонам у Антося Толы скончылася ня тым, што пэнсіянэр выбіў дыктафон зь ягоных рук, а тым, што за Антося заступілася большасьць жанчын, што былі сьведкамі спрэчкі і слухалі запіс. Так, сярод вясковых людзей сталага веку нямала прыхільнікаў цяперашняй палітыкі. Але побач зь імі жывуць тыя, у каго іншы пункт гледжаньня на падзеі ў Беларусі, іншыя ацэнкі свайго сёньняшняга становішча. І вашыя, спадар Бычкоў, абагульненьні пра тое, што ўвесь народ нібыта дружна падтрымлівае цяперашнюю палітыку, а ўсіх іншадумцаў лічыць ворагамі — несправядлівыя і неаб’ектыўныя. Апытаньні незалежных сацыёлягаў сьведчаць зусім пра іншае. Вы і сам, на ўласным досьведзе можаце пераканацца ў гэтым. Паспрабуйце неперадузята, не настойваючы на ўласным пункце гледжаньня, пагаварыць з суседзямі, знаёмымі, калегамі.
Пра тое, што ў Беларусі часта даводзіцца сутыкацца зь нецярпімасьцю да чужога меркаваньня, піша ў сваім лісьце наш сталы слухач Васіль Валошка з Радашковічаў Маладэчанскага раёну:
“Іншы раз становіцца нават страшна ад жахлівага расколу нашага грамадзтва. Часам даходзіць да бойкі — у электрычках, на рынках, на працы. Прыхільнікі і праціўнікі Лукашэнкі — непрымірымыя. Думаю, усё гэта з той прычыны, што нашай уладзе не ўласьціва спакойнае, цярпімае стаўленьне да людзей, якія не задаволеныя ейнай дзейнасьцю. Размова нават не пра апазыцыю, а пра звычайных людзей. Хіба гэта нармальна, што само слова “апазыцыя” стала ў Беларусі лаянкай — нароўні з “адмарозкамі”. Паўсюль пануе лёзунг: “Хто ня з намі, той супраць нас”. Па ўсіх каналах радыё і тэлебачаньня апанэнты ўлады паліваюцца брудам. Як вынік, усё грамадзтва настроена агрэсіўна. Можна толькі зьдзіўляцца, як гэта мы дагэтуль не дайшлі да грамадзянскай вайны. Дык гэта цяпер. А што будзе пасьля выбараў? Дай Бог, каб нічога страшнага не адбылося”.
Пра агрэсіўнасьць усяго грамадзтва, спадар Валошка, гаварыць, думаю, усё ж не выпадае: гэта яўнае перабольшаньне. Але і захапляцца талерантнасьцю і цярпімасьцю беларусаў да іншадумцаў на сёньняшні момант, мне здаецца, неапраўдана. На гэтую тэму ў нашай пошце апошнім часам — усё больш лістоў. Слухачы пішуць якраз пра выпадкі нецярпімага стаўленьня да тых, хто адважваецца крытыкаваць уладу. Тлумачэньні такой зьявы нібыта відавочныя: у беларусаў было вельмі мала часу дзеля таго, каб навучыцца слухаць і шанаваць меркаваньні іншых людзей. За камуністамі любая палітычная ацэнка, адрозная ад афіцыйнай, лічылася варожай і шкоднай. А пэрыяд дэмакратызацыі і галоснасьці ў Беларусі цягнуўся вельмі нядоўга.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by