Чыноўнік райвыканкаму пра запалохваньне выбарцаў: "Гэта – брахня!"

Радыё Свабода, Віцебская вобласьць Зборшчыкі подпісаў заяўляюць, што ў Верхнядзьвінскім раёне на Віцебшчыне ўціскаюць прыхільнікаў Мілінкевіча і Казуліна. На ўціск з боку раённых уладаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў ды міліцыі скардзяцца і зьбіральнікі подпісаў за вылучэньне кандыдатаў на прэзыдэнта і шараговыя жыхары раёну. Намесьнік райвыканкаму называе гэта "брахнёй".
У Верхнядзьвінскім раёне 33 чалавекі адначасова зьбіраюць подпісы за вылучэньне і Аляксандра Мілінкевіча, і Аляксандра Казуліна. Каардынуе працу зьбіральнікаў мясцовая актывістка Валянціна Кудлацкая, якая распавяла пра цяжкасьці ў зьбіраньні подпісаў.

(Кудлацкая: ) “У адным дзіцячым садку загадчыца прыйшла ды сказала супрацоўнікам: “Барані вас бог, каб вы падпісаліся – будзеце звольнены!” І так паўсюль! Нават на сельгаспрадпрыемстве “Асьвейскім”, дзе працаўнікоў не хапае, і там людзям сказалі тое самае. Мае дзяўчаты ўжо былі дамовіліся, што людзі падпішуцца, прыехалі да іх, а тыя кажуць: “Нам сказалі ня лезьці ў гэта, бо мы страцім працу”. Я разумею, што гэта запалохваньне: хто спалохаўся, той ужо спалохаўся”.

Аповед пра сустрэчы з выбарцамі працягвае яшчэ адна зьбіральніца подпісаў, спадарыня Сьвятлана:

(Сьвятлана: ) “Да настаўнікаў і мэдычных работнікаў ісьці безвынікова на сто адсоткаў: іх на працы так “наштудзіравалі”! Іх там зьбіралі, навучалі, каб чужых у дом не пускалі – тых, хто за Лукашэнку – каб пускалі, а іншых – не. І яны ўжо нават дзьверы баяцца адчыняць!”

Ходзячы па хатах, зьбіральнікам подпісаў даводзіцца выслухоўваць самыя розныя аргумэнты супраць вылучэньня спадароў Казуліна ды Мілінкевіча і назіраць самыя розныя “агітацыйныя тэхналёгіі”.

(Кудлацкая: ) “Аказваецца, у нас ёсьць разьмеркаваньне чынавенства па розных арганізацыях, куды яны ходзяць ды навучаюць, за каго трэба падпісвацца. А яшчэ чула: маўляў, калі ў нейкім раёне не зьбяруць подпісаў за іншых, і будзе толькі ён адзін, то “бацька” сказаў, што дасьць грошы на добраўпарадкаваньне. Гэта сёньня мне такое сказалі. Я прайшла па вуліцы, каб подпісаў падсабіраць, а ўсе: “Не, не, не! На працы сказалі, што будзе толькі што не расстрэл!” Такое робіцца – страх боскі!”

Што да саміх зьбіральнікаў подпісаў за вылучэньне Казуліна ды Мілінкевіча, то да кожнага зь іх прыходзіў участковы міліцыянт, які распытваў пра іхную працу. А да некаторых з тымі самымі пытаньнямі тэлефанавалі з райвыканкаму, дзе працу па выбарах курыруе намесьнік старшыні Уладзімер Якаўлеў.

Наконт візытаў міліцыянтаў ён даў наступную параду.

(Якаўлеў: ) "З гэтым пытаньнем да нас зьвярталася Кудлацкая: маўляў, ходзяць, распытваюць... Мы ёй сказалі: "Пашліце гэтых міліцыянтаў куды падалей!"

А зьвесткі пра ўціск на працы і пагрозы звальненьнем спадар Якаўлеў адкамэнтаваў наступным чынам:

(Якаўлеў: ) “Як гэта па-беларуску ёмка сказаць? Гэта – брахня! Няўжо я, як куратар, або нехта яшчэ будзе штурхаць кіраўнікоў на парушэньне выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь? Усё гэта хлусьня”.

Намесьнік старшыні райвыканкаму запэўніў, што на бліжэйшай нарадзе яшчэ раз папярэдзіць увесь кіраўнічы склад пра недапушчальнасьць парушэньня законнасьці.

Паабяцаў таксама пакараць у належным парадку тых, пра чые парушэньні яму стане вядома. Пакуль заяваў пра гэта няма. А тое, што людзі ўжо адклікаюць свае подпісы або гавораць, што баяцца падпісвацца за вылучэньне, намесьнік старшыні райвыканкаму назваў свабодай волевыяўленьня кожнага выбарца.