Штабы патэнцыйных кандыдатаў падводзяць першыя вынікі збору подпісаў

Радыё Свабода Штаб Аляксандра Мілінкевіча паставіў задачу ініцыятыўнай групе — сабраць паўмільёна подпісаў за свайго кандыдата. На чвэрць мільёна подпісаў разьлічвае Аляксандар Казулін. Сяргей Гайдукевіч ніякай канкрэтнай лічбы сваёй ініцыятыўнай групе не давёў. Увогуле, вынікі збору подпісаў за першы тыдзень кампаніі, які супаў са сьвятамі, пакуль даволі сьціплыя.
Паводле кіраўніка ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча Аляксандра Бухвостава, за тыдзень сабралі каля 25 тысяч подпісаў. Пра першыя вынікі гэтай кампаніі “Свабодзе” распавёў кіраўнік штабу кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Сяргей Калякін:

(Калякін: ) “Што не датычыць Менску, то ўсё-такі ўлада змагла пэўным чынам нагнаць страху на людзей — ідзе збор подпісаў крыху горш, чым у 2001 годзе, але ідзе”.

Паводле спадара Калякіна, падпісваюцца прыблізна ў кожнай трэцяй кватэры. Ён мяркуе, што пасьля сьвятаў праца актывізуецца, і ў цэлым разьлічвае, што да 27 студзеня будзе сабрана да 500 тысяч подпісаў.

(Калякін: ) “Мы зыходзім з простага падыходу, ставім рэальныя задачы: мы мяркуем, што пяцітысячнай групе паўмільёна подпісаў цалкам рэальна сабраць. Можа быць, і болей нават. Ёсьць людзі, якія больш аптымістычна глядзяць і кажуць пра мільён подпісаў”.

Кіраўнік штабу Аляксандра Казуліна Мечыслаў Грыб паведаміў, што ягоная група сабрала 25 тысяч подпісаў. Сам спадар Казулін так акрэсьліў пэрспэктывы ў гэтай працы:

(Казулін: ) “Тое, што мы зьбярэм неабходную колькасьць подпісаў, гэта сто адсоткаў. Цяпер гаворка пра тое, на якую колькасьць мы выйдзем. Пакуль пастаўленая задача — чвэрць мільёна. Канечне, мы бачым, што за Лукашэнку зьбіраюць усюды і паўсюль, выкарыстоўваюць усе мэтады і сродкі адміністрацыйнага рэсурсу. Думаю, што там задача пастаўленая таксама — сабраць як мага болей подпісаў”.

Сяргей Гайдукевіч паведаміў, што ягоная ініцыятыўная група ўжо сабрала каля 20 тысяч, больш дакладна палічыць цяжка, кажа ён, бо шмат подпісаў яшчэ на руках. Акрамя таго, ён зазначыў, што ніякіх заданьняў групе не даваў, маўляў, “гэта ня збор макулятуры”. Кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Ўладзімер Карунас паведаміў, што іхныя зборшчыкі подпісаў ходзяць толькі па кватэрах:

(Карунас: ) “На прадпрыемствы нас не пускаюць, у інтэрнаты нас не пускаюць, пікеты мы лічым неэфэктыўнымі. Таму стаўку робім толькі на кватэры — пакуль”.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Вайтовіча Валеры Дунаеў паведаміў, што за яго кандыдата сабралі каля 20 тысяч подпісаў, кіраўнік групы Валерыя Фралова Ігар Азарка сказаў, што сабрана 4 тысячы подпісаў. А кіраўнік ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка Сяргей Папкоў увогуле не называе нейкіх лічбаў, бо ня лічыць бягучую кампанію выбарамі, а заклікае да ініцыяванага лідэрам КХП БНФ народнага галасаваньня. У ініцыятыўнай групе Сяргея Скрабца таксама колькасьці сабраных подпісаў не называюць.