Кіраўнік ініцыятыўнай групы ня мае сувязі са сваім прэтэндэнтам

Алесь Дашчынскі, Менск Збор подпісаў па вылучэньні кандыдатаў у прэзыдэнты працягнецца да 27 студзеня. Найбольш складана працаваць ініцыятыўнай групе Сяргея Скрабца.
На вуліцах звычайна зьбіраюць подпісы сябры ініцыятыўных груп Аляксандра Мілінкевіча, Зянона Пазьняка і Аляксандра Казуліна. Калі прадстаўнікі Зянона Пазьняка кажуць, што ім перашкаджае зьбіраць подпісы міліцыя, то прадстаўнікі Аляксандра Казуліна цьвердзяць пра ціск з боку ўладаў. У штабе Аляксандра Мілінкевіча кажуць пра першыя правакацыі. Арганізаваны збор подпісаў вёўся за Аляксандра Лукашэнку на факультэце міжнародных дачыненьняў БДУ.

Але найбольш складана працаваць ініцыятыўнай групе Сяргея Скрабца, які цяпер знаходзіцца пад вартай у сьледчым ізалятары. Кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Галаганюк учора атрымаў адказ з Вярхоўнага суду. Ён прасіў дазволу свабодна кантактаваць са спадаром Скрабцом – мець сустрэчы альбо размаўляць па тэлефоне, каб апэратыўна вырашаць пытаньні, зьвязаныя з перадвыбарчай кампаніяй. Вярхоўны суд не дазволіў спадару Галаганюку такіх спатканьняў. Маўляў, асоба, якая знаходзіцца пад вартай мае права на спатканьне толькі з абаронцамі, членамі сям’і ці сваякамі.

(Галаганюк: ) “Я хацеў мець доступ да яго хаця б на нейкі час, каб мы маглі зь ім абмеркаваць, пагаварыць. А то я баюся некаторыя крокі рабіць – а можа ён гэтага не захоча? Таму хуткай, апэратыўнай сувязі ў нас няма. Таму даводзіцца чакаць, што ён адкажа, бо я ўсё раблю з ягоных словаў”.

Паводле спадара Галаганюка, пакуль збор подпісаў за Сяргея Скрабца працягваецца па кватэрах выбарцаў, і найбольшы разьлік на падтрымку ў Лідзе, дзе палітыка ведаюць як былога дэпутата. Падчас майго апытаньня на менскіх вуліцах выявілася, што імя Сяргея Скрабца малавядомае.

(Спадарыня: ) “Знаходзіцца пад вартай – гэта яшчэ ні аб чым не гаворыць. Ён, магчыма, якраз дастойны балятавацца. Я наагул пастараюся прачытаць пра яго нешта”.

(Спадар: ) “Я яго ня ведаю. Але калі ён сябе падае, то ён адчувае сябе недзе здольным, невінаватым”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што ў яго няма шансаў на перамогу”.

(Спадар: ) “Прозьвішча на слыху. Ну, змагацца трэба заўсёды”.