Міліцыя вярнула затрыманы наклад “Народнай Волі”

Радыё Свабода Кіраўніцтва Дубровенскага райаддзелу міліцыі вырашыла вярнуць затрыманы ўчора наклад двух першых нумароў “Народнай Волі”. Мяркуецца, што каля дзявятай гадзіны вечара экспэдытары даставяць наклад газэты ў Менск. Тым часам у рэдакцыі “Народнай Волі” ўвесь дзень актыўна стваралі ўласную сыстэму распаўсюду.
Выканаўца абавязкаў начальніка райаддзелу міліцыі ў Дуброўне Віцебскай вобласьці Ігар Бабіч прыкладна а чацьвертай гадзіне дня паведаміў Радыё Свабода, што вырашыў вярнуць затрыманы ўчора наклад “Народнай Волі”:

(Бабіч: ) “Празь пятнаццаць хвілін аддаем. Там адсутнічаў нумар таварна-транспартнай накладной і дата. Фармальна тут склад правапарушэньня паводле Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Мы гэты матэрыял разам з газэтамі павінны былі перадаць у мытныя органы. Але мы вырашылі паступіць па-іншаму. Калі мы перадамо, то зноў будзе цяганіна, а людзі павінны чытаць газэту, як я разумею. Таму я прыняў такое рашэньне, і газэту мы вяртаем”.

Ад учорашняга дня ўвесь наклад двух першых нумароў “Народнай Волі” знаходзіўся ў раённым аддзеле міліцыі ў Дуброўне. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі наклад падчас транспартыроўкі са Смаленскай друкарні ў Менск. Гэта абгрунтавалі тым, што суправаджальныя дакумэнты не былі аформленыя належным чынам. Галоўны рэдактар “Народнай Волі” патлумачыў, што Смаленскі паліграфічны камбінат цяпер не працуе напоўніцу з прычыны навагодніх вакацыяў.

Паводле Іосіфа Сярэдзіча, прадстаўнікі Смаленскай друкарні сёньня даслалі факсам у міліцыю ўсе дакумэнты, якія пацьвярджаюць законнасьць выхаду газэты.

Тым часам супрацоўнікі “Народнай Волі” сёньня актыўна працавалі дзеля стварэньня ўласнай сыстэмы распаўсюду. На сёньняшні дзень перадаплату за студзеньскія нумары на банкаўскі рахунак “Народнай Волі” пералічылі 7 тысяч 160 чалавек. Зь іх 2645 зь Менску, каля 1200 чалавек — зь Менскай вобласьці, 739 чалавек — зь Берасьцейшчыны і амаль паўсотні з Гарадзеншчыны, і гэтак далей. Гаворыць камэрцыйная дырэктарка“Народнай Волі” Яўгенія Церахава:

(Церахава: ) “Стварыць альтэрнатыўную сыстэму распаўсюду за такі кароткі тэрмін немагчыма, але мы пакуль што трымаемся, таму што людзі, якія заплацілі за газэту, павінны яе атрымаць. Магчыма, мы яе будзем рассылаць бандэролямі, лістамі, калі ў тым ці іншым горадзе невялікая колькасьць падпісчыкаў. А калі ў горадзе шмат такіх людзей, то мы будзем газэту туды адпраўляць маршрутнымі таксоўкамі ці аўтамабілямі (ужо ёсьць такія дамоўленасьці), і там мы шукаем распаўсюднікаў. У некаторых населеных пунктах яны ў нас ужо ёсьць”.

Мянчук Юры Магонаў узяўся разносіць “Народную Волю” па паштовых скрынях у Савецкім раёне сталіцы:

(Магонаў: ) “Я выпісваю тыя адрасы ў сваім раёне, дзе магу распаўсюджваць газэту. Я падпісчык газэты зь першага нумару і ніколі не адмаўляўся ад супрацоўніцтва зь ёй”.

Прадпрымальнік Мікалай будзе прывозіць “Народную Волю” ў Слуцак:

(Мікалай: ) “Я прапанаваў свае паслугі — перавозка, дастаўка і распаўсюд у Слуцку”.

***

Позна ўвечары 4 студзеня ўсе 27 тысячаў асобнікаў газэты ўжо прыбылі ў Менск, і частку накладу ўжо пачалі разносіць па паштовых скрынях падпісчыкам.