"З году ў год усё больш узрастае непарушная брацкая дружба працоўных СССР з народамі вялікай Кітайскай Народнай Рэспублікі і ўсяго лагера соцыялізма"

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Цытаты мінулага – 2 студзеня. Што пісала беларуская прэса за 2 студзеня.
“Могилевские губернские ведомости”, 1916 год:

“Прыстаў 4 стану Гомельскага ўезду расшуквае гаспадара быка, які прыблудзіўся ў канцы жніўня гэтага году да селяніна вёскі Бабовічы, Дзятлавіцкай воласьці Кузьмы Іванаву Астралёву, прыкметы яго наступныя: чырвонай масьці, росту вялікага, рогі вялікія і прамыя, на якіх ледзь заўважныя нейкія клеймы, ацэнены на 10 руб., 4-х гадоў”.

“ЛіМ”, 1956 год. Навагодняя прамова Старшыні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР К.Варашылава:

“З году ў год усё больш узрастае непарушная брацкая дружба працоўных СССР з народамі вялікай Кітайскай Народнай Рэспублікі і ўсяго лагера соцыялізма і дэмакратыі. Совецкі народ горача вітае нармалізацыю адносін нашай краіны з брацкімі народамі Югаславіі, якія будуюць асновы соцыялізма… Няхай надыходзячы год будзе годам яшчэ большага росквіту нашай любімай Радзімы, яшчэ больш трывалага міру і далейшай разрадкі міжнароднай напружанасці, годам узрастаючай дружбы паміж усімі народамі. З Новым годам, дарагія таварышы і сябры!”

“Беларус”, 1966 год. Ст.Станкевіч аглядае беларускую падсавецкую літаратуру 1965 году:

“Мастацкай сілай і праўдзівасьцяй адлюстраваньня жыцьця на першае месца… высоўваецца аповесьць Васіля Быкава “Мёртвым не баліць”. Яна вызначаецца ўсімі тымі характэрнымі для Быкава асаблівасьцямі, што й ранейшыя ягоныя аповесьці на ваенную тэматыку. Гэта — глыбокае раскрыцьцё перажываньняў людзей у жаўнерскіх шынэлях на перадавых пазыцыях фронту, драматычнае напружаньне цяжкіх, нярэдка безвыхадных сытуацыяў, нязвычайна стройная кампазыцыя. Новым у ваповесьці “Мёртвым не баліць” — шырокі й аб’ектыўны паказ усяго таго найгоршага й нялюдзкага, што ў радох арміі стварыла сталінская эпоха”.