Сёньня ў Менску ў офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі адбылася прэсавая канфэрэнцыя прадпрымальнікаў. Яны заявілі, што 10 сьнежня мітынг пратэсту адбудзецца на Кастрычніцкай плошчы.
Менскі гарвыканкам дазволіў правесьці мітынг 10 сьнежня а 12-й гадзіне на плошчы Бангалор. Заяўнікі акцыі пратэсту Алесь Таўстыка, Віктар Калей і Алесь Макаеў, якія бралі ўдзел у прэс-канфэрэнцыі, заявілі, што мітынг адбудзецца, як і плянавалася, а 12-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы.
Паводле намесьніка старшыні кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктара Калея, калі плошча будзе заблякавана міліцыяй, то дэманстранты могуць пайсьці ў сквэр Янкі Купалы або на пляцоўку перад цыркам. Паводле спадара Калея, у такой сытуацыі цяжка нешта плянаваць. Магчыма, нехта нават паставіць намёт. Віктар Калей сказаў:
“Толькі не Бангалор. Я ўчора пасядзеў за сталом перамоваў у Менгарвыканкаме і скажу — цяжкавата. Вельмі вялікі груз я на свае плечы ўзваліў. Але, я думаю, ногі не падагнуцца. На калені я перад імі ня стану. Я сказаў — будзе плошча і мы там будзем”.
Арганізатары мітынгу выступаюць за скасаваньне прэзыдэнцкага ўказу № 760, у выніку якога працоўныя месцы могуць страціць 300 тысяч чалавек. Яны пратэстуюць супраць перасьледу прадпрымальнікаў уладамі. Таксама яны выказваюцца за выкананьне ўрадам 12 умоваў Эўразьвязу. Акрамя таго, арганізатары заклікаюць прадпрымальнікаў пайсьці з 1 студзеня 2008 году ў чарговы адпачынак бяз выплаты адзінага падатку.
Прэзыдэнцкі ўказ № 760 — самы жорсткі
Лідэр кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў заявіў, што прэзыдэнцкі ўказ № 760 — самы жорсткі за ўсю гісторыю існаваньня прадпрымальніцтва ў Беларусі:
“Ёсьць група людзей, якая адважылася заявіць пра гэта на ўвесь голас. Наша плошча — гэта плошча ўсяго народа, а не асобнай групы чыноўнікаў на чале з галоўным. Наша задача — жыць у свабоднай краіне, прыходзіць на свабодныя плошчы і заяўляць згодна з канстытуцыяй сваю думку па тых законах, якія тычацца нас”.
Удзельнікі прэс-канфэрэнцыі прывіталі каардынатара кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Алеся Таўстыку, які ўчора выйшаў з турмы на вуліцы Акрэсьціна. Алесь Таўстыка быў арыштаваны на 7 сутак за распаўсюд улётак пра мітынг. Ягоны намесьнік Руслан Луцэнка выйдзе на волю ў суботу. Алесь Таўстыка сказаў:
“Хачу перадаць ягоныя словы — усё, што нас ня можа зламаць, можа толькі нас загартаваць”.
Паводле спадара Гарбачова, на арганізатараў акцыі пратэсту чыніцца ціск з боку ўладаў.
“Можна казаць аб праслухоўваньні нашых тэлефонаў. На рынкі прыходзяць прадстаўнікі КДБ, МУС, работнікі рай- і гарвыканкамаў, удакладняюць, хто і як зьбіраецца ехаць. І ўся гэтая інфармацыя паступае ў Менск. Улада таксама не сядзіць і хоча даведацца, колькі народу будзе і як да гэтай акцыі ставіцца”.
Мітынг ёсьць каму праводзіць
Арганізатары акцыі заклікалі прадпрымальнікаў праявіць салідарнасьць і прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу. Адзін з заяўнікаў мітынгу Алесь Макаеў сказаў:
“Колькі б яны ні хапалі, колькі б людзей ні затрымлівалі, мітынг ёсьць каму праводзіць. Я кажу пра тых прадпрымальнікаў, якія прайшлі гэтыя плошчы і мітынгі. Я ўпэўнены, яны будуць выступаць на гэтай плошчы. Гэты мітынг патрэбны нам дзеля кансалідацыі і абароны сваіх правоў. І гэта ўсё будзе моцна гучаць на мітынгу. 10 сьнежня а 12 гадзіне я клічу людзей на Кастрычніцкую плошчу. Плошча будзе насіць імя Каліноўскага. Я ганаруся, што ў Беларусі ёсьць Каліноўскі”.