А.Лукашэнка: “У эўрапейцаў няма сур’ёзнага падыходу да Беларусі...”

Радыё Свабода “Беларусь лепш падрыхтаваная да ўступленьня ў Эўрапейскі Зьвяз, чым Польшча”, – заявіў кіраўнік Беларусі ў апублікаваным 2 сьнежня інтэрвію гішпанскай газэце “El País”.
Аднак, на думку А.Лукашэнкі, аб’яднаная Эўропа гэтага ня цэніць:

“У эўрапейцаў няма сур''ёзнага падыходу да Беларусі, за выняткам, магчыма, Нямеччыны... Палітыка немцаў памяркоўная і зыходзіць з рэальнай сытуацыі. У любой дэмакратычнай дзяржаве павінна быць апазыцыя, але немцы бачаць недахопы тутэйшай апазыцыі і пытаюцца ў сябе, ці карэктныя яны ў адносінах да нас. Я не магу сказаць гэтага ў адносінах да іншых. Нам застаецца толькі чакаць і назіраць”.

А.Лукашэнка таксама выказаў меркаваньне, што “беларуская дзяржава забясьпечвае беларусаў большымі правамі, чым тая ж Іспанія”:

“У нас тут столькі ж дэмакратыі, колькі ў Нямеччыне і Францыі. На шчасьце, нам ніколі не даводзілася выкарыстоўваць ні сьлезацечнага газу, ні вадамётаў – таго, што для вас норма. І дзе пасьля гэтага выконваюцца правы чалавека?”

Аляксандар Лукашэнка таксама зьняпраўдзіў абвінавачаньні ва ўціску ў Беларусі свабоды слова:

“Нас вінавацяць ва ўціску сродкаў масавай інфармацыі. Але апазыцыйныя газэты ня маюць накладаў першых (асноўных) выданьняў. Няўжо апазыцыйная лістоўка можа супернічаць з “Советской Белоруссией” – лідэрам з савецкага часу?”

Паводле А.Лукашэнкі, “апазыцыйная прэса існуе, друкуецца за мяжой, у Расеі або краінах Балтыі, але людзі яе не купляюць, не падпісваюцца на яе”. Беларускі кіраўнік таксама заявіў, што “амаль усе апазыцыйныя выданьні можна купіць у кіёсках, уключаючы кіёск Адміністрацыі прэзыдэнта”.

На заўвагу гішпанскага журналіста аб тым, што ў кіёсках апазыцыйная прэса не прадаецца, А.Лукашэнка адказаў:

“Сыстэма распаўсюджваньня і падпіскі – тэма эканамічная. Няхай дамаўляюцца. За гэта трэба плаціць. Вы даяце апазыцыі дастаткова дапамогі – мільёны даляраў. Яны не працуюць, езьдзяць на раскошных аўтамабілях, жывуць у палацах”.