Ф.Лук’янаў: Пытаньне – што Пуцін будзе рабіць з гэтым вынікам?

Юры Дракахруст, Прага Вынікі думскіх выбараў у Расеі, магчымыя ацэнкі гэтых выбараў краінамі Захаду, палітычныя пэрспэктывы Ўладзімера Пуціна, зьнешняя палітыка Расеі пасьля 2 сьнежня – на гэтыя тэмы мы гутарым з рэдактарам часопісу “Россия в глобальной политике”, расейскім палітолягам Фёдарам Лук''янавым.
Дракахруст: "Як Вы ацэньваеце вынікі гэтых выбараў і гэтай выбарчай кампаніі?"

Лук’янаў: "У 1996 годзе, у 1999 годзе, як і цяпер, быў вельмі моцны эмацыйны градус, масавае выкарыстаньне палітычных тэхналёгій, прычым з кожным разам яно ўзмацнялася. Аднак зараз ва ўлады фактычна не было праціўнікаў і ўся моц удару прыпала на грамадзкую сьвядомасьць. Выбары працягваюць даволі брыдкую традыцыю, якая склалася ў Расеі.

Асаблівасьцю сёлетняй кампаніі можна лічыць тое, што зьмест быў цалкам аддзелены ад формы. Тая кампанія, якую у апошнія тыдні вялі "Единая Россия" і Пуцін, ня мела ніякай зьмястоўнай базы, акрамя дакладна пралічаных паліттэхналёгіяў. Уся кампанія была скіраваная на дасягненьне выніку, а вынікам быў ня столькі нават адсотак галасоў за "Единую Россию", колькі высокая яўка. Ну і вынік дасягнуты. Зараз выглядае, што Дума будзе амаль ідэнтычная папярэдняй – і паводле складу, і паводле мэханізмам яе працы. Пытаньне, якое было галоўным, яно і засталося – што Пуцін будзе рабіць з гэтым вынікам, Гэтага пакуль ніхто ня ведае".



Лук’янаў: "Я скажу дзіўную рэч і магу моцна памыліцца, але мне здаецца, што вынікі выбараў, як і наагул падзеі апошніх месяцаў сьведчаць пра тое, што Пуцін сыходзіць. І задача, якая перад ім стаіць, гэта забясьпечыць мяккі, гарантаваны ад непажаданых наступстваў сыход.

Ростані былі пройдзеныя ў той момант, калі Пуцін не пайшоў па шляху Назарбаева, Карымава, Лукашэнкі і ня стаў мяняць Канстытуцыю. Ён мог гэта зрабіць шмат разоў і вельмі лёгка, гэта было б папулярна ў грамадзтве. Паводле ня надта зразумелых прычын, Пуцін гэтым шляхам не пайшоў. А зараз і Пуцін, і ўсе разумеюць, што ўлада ў Расеі можа быць толькі адна – ці ты прэзыдэнт, ці ты ўжо ніякі не нацыянальны лідэр, а асоба, якая можа мець вялікі ўплыў, але гэта ўжо зусім іншае".

Дракахруст: "Якой будзе рэакцыя Захаду на расейскія думскія выбары? Рэакцыі і на ступень справядлівасьці і празрыстасьці гэтых выбараў, і на фактычны вынік, на тое, што Расея такая, якая яна ёсьць?"

Лук’янаў: "Фактычны вынік, калі ён будзе прыблізна такім, як паказваюць экзыт-полы, ён не пачварны, гэта ня 85% "Единой России". Тут можна спасылацца на тое, што народ сказаў сваё слова. Калі браць вынікі лібэральных партыяў, то, на вялікі жаль, яны вельмі падобныя на праўду. Адносна іх вялася вельмі брудная і несумленная кампанія, але ступень папулярнасьці гэтых партый і гэтых лідэраў у грамадзтве, мякка кажучы, невысокая.

Што тычыцца рэакцыі Захаду, то назіральнікі скажуць, што выбары ня цалкам адпавядалі ўсім стандартам, што тэлебачаньне аддавала перавагу адной партыі. Скажуць яны і пра дробныя парушэньні падчас галасаваньня. Я мяркую, што буйных парушэньняў уласна падчас галасаваньня не было. Сучасныя прасунутыя аўтарытарныя рэжымы, кшталту казахстанскага ці расейскага, навучыліся рабіць усё, каб галасаваньне праходзіла дастаткова чыста. Усё вырашаецца да дня галасаваньне пры дапамозе прапаганды і іншых сродкаў. Нічога новага ў разуменьні Захадам Расеі гэтыя выбары не прынесьлі. Расея меркаваньне Захаду, у лепшым выпадку, прыме да ведама, у горшым – махне рукой, і нічога далей не адбудзецца".

Дракахруст: "Спадар Лук’янаў, як, на ваш погляд, паўплывае ідэалягічны фон выбараў на адносіны Расеі зь яе суседзямі – краінамі Балтыі, Беларусьсю, Украінай, краінамі Каўказу?"

Лук’янаў: "Што тычыцца тону, то антызаходні імпэт быў зьвязаны з выбарамі. Усё, што казаў у апошнія тыдні Пуцін, было заснавана на простай думцы, якую напоўніцу праэксплюатавалі ў 1996 годзе: не дапусьціць рэваншу сілаў мінулага. У 96-м годзе гэта былі камуністы, зараз – "ліхія 90-я", як у нас зараз кажуць, алігархі і зьвязаны зь імі Захад. Гэта адлюстроўвае ўяўленьні расейскай эліты, але накручваньне, надзьмуваньне гэтай тэмы – гэта паліттэхналёгія чыстай вады. Таму ўсё, што казаў Пуцін у Лужніках, пра шакалаў і іншае, я наагул не зьвяртаў на гэта ўвагі, гэта была дакладна пралічаная прамова з мэтай мабілізаваць электарат.

Што тычыцца далейшага, то яно пакуль незразумела, пакуль невядома, які варыянт зыходу абярэ Пуцін, і каго ён прапануе на прэзыдэнта. Зразумела, што адносіны з Захадам ужо ніколі ня вернуцца да той мадэлі, якая існавала ў 90-я гады і ў першая гады кіраваньня Пуціна, калі Расея сыходзіла з таго, што мы ўсё ж інтэгруемся ў заходні сьвет.

Зараз іншы погляд, што мы нікуды інтэгравацца ня будзем. Што тычыцца адносінаў зь Беларусьсю, то тут усё прасьцей. Вынік пуцінскага часу палягае ў тым, што адносіны з палітычных перайшлі ў эканамічныя. Так, ёсьць вайсковы складнік, гэтыя апошнія размовы пра "Іскандэры", але мне здаецца, што гэта пакуль больш гульня. А вось газ, нафта, транзыт – вось гэта і ёсьць зараз сутнасьць расейска-беларускіх адносінаў. Ніякі саюз ужо ніхто ня будуе. У гэтым і ёсьць спадчына Пуціна на гэтым кірунку. Што будзе рабіць наступны прэзыдэнт? Мяркую, што рэанімаваць саюз ужо ніхто ня будзе і ня зможа, а астатняе будзе шмат у чым залежаць ад разьвіцьця падзеяў у самой Беларусі”.

• А.Рар: “Лібэральная ідэя ў Расеі памерла”, 3.12.2007 • Мікалай Злобін: “Манаполія – гэта рэцэпт правалаў”, 3.12.2007 • А.Вайтовіч: “Курс Расеі ў дачыненьнях з Беларусьсю будзе працягнуты”, 3.12.2007 • Дзяніс Мельянцоў: “Мяккае кіраваньне” дэмакратыяй", 3.12.2007 • Барыс Нямцоў: “Пуцін стаў Лукашэнкам”, 2.12.2007 • Экзыт-пол ВЦИОМ: прайшлі 4 партыі, 2.12.2007 • Паводле экзыт-полу Фонду “Общественное мнение” ў Думу прайшлі 4 партыі, 2.12.2007 • На выбарах у заканадаўчы сход Камчаткі “Единая Россия” набірае больш за 70%, 2.12.2007 • 66% расейцаў упэўненыя, што выбары ў Думу несвабодныя, 2.12.2007 • Г.Каспараў: “Гэта выбары бяз выбару”, 2.12.2007 • І.Рынкевіч: “Парлямэнцкая кампанія ў Расеі ўсё больш нагадвае “лукашызацыю” выбарчага працэсу і ў гэтай краіне”, 2.12.2007 • Фотарэпартаж: Як галасавалі расейцы ў Менску?, 2.12.2007 • Як галасавалася расейскім беларусам? , 2.12.2007 • Расея: Генадзі Зюганаў ня верыць, што галасы падлічаць правільна, 2.12.2007 • А.Кароль: “У Расеі будзе “калектыўны Пуцін”, 1.12.2007 • Апытаньне: чым розьняцца і чым падобныя выбары ў Расеі і Беларусі? , 1.12.2007