Адзін дзень палітвязьня Аляксея Шыдлоўскага

Алег Грузьдзіловіч, Менск Летась ў ліпені і сёлета ў лютым на хвалях Радыё Свабода гучэлі перадачы з цыклю “Адзін дзень у сям’і палітвязьня”. Мы працягваем гэту тэму расповедамі пра былых палітвязьняў.
Напачатку жніўня 1997-га году студэнта журфаку БГУ “маладафронтаўца” Аляксея Шыдлоўскага арыштавалі ў бацькоўскай хаце ў Стоўбцах. “Здаў” актывіста знаёмы, які бачыў юнака з балёнчыкам фіялетавай фарбы. Тры тыдні да таго гэтай фарбай быў расьпісаны Стаўбцоўскі райвыканкам. “Найбольш іх абурыла, што на помніку Фэліксу Дзяржынскаму мы напісалі “кат”, -- згадвае Аляксей тыя падзеі.

Менск. 2007. Аляксей Шыдлоўскі працуе над артыкулам для сайту "Хартыя-97"

”Турма не для занадта мяккіх, інтэлігентных людзей”

Грузьдзіловіч: ”Як ты спачатку ставіўся да арышту: як да трагедыі ці нейкай прыгоды?”

Шыдлоўскі: “Спачатку я ўвогуле быў перакананы, што мяне хутка выпусьцяць. Казалі, што праз месяц, праз два... А потым адбыўся суд, і далі мне ажно паўтара году. Тады стала не да рамантыкі. Мне ж было толькі васемнаццаць, а ў такім узросьце гэта, безумоўна, трагедыя. Вельмі перажываў”.

Грузьдзіловіч: “І што цябе найбольш турбавала?”

Шыдлоўскі: “Што выключаць з ўнівэрсытэту, бо і так да мяне ўжо былі прэтэнзіі. Вельмі перажываў за бацькоў, што яны непакояцца. За малодшага брата, які застаўся без маёй дапамогі. І, канечне, хваляваўся, як да мяне будуць ставіцца ў калёніі, бо ў той час пра “палітычных” вязьняў ніхто ня ведаў”.

Грузьдзіловіч: “Баяўся кляйма?”

Шыдлоўскі: “Ну, так. І недзе паўгода гэта магло быць рэальнасьцю. Але потым бацькі прынесьлі на спатканьне газэты, якія пра мяне з Вадзімам Лабковічам напісалі. Пра гэта пачыталі вязьні, і стала нашмат лягчэй”.

Грузьдзіловіч: “Як турма мяняе чалавека?”

Шыдлоўскі: “Моцнага робіць мацнейшым, а слабага гэтак перакручвае, што пасьля ламае яму ўсё жыцьцё. Шмат такіх прыкладаў назіраў. Турма не для занадта мяккіх, інтэлігентных людзей”.

1999 год. Менск. Першыя хвіліны на волі. Разам з бацькамі.

Грузьдзіловіч: “Ты выйшаў на волю восем з паловай гадоў таму. Сустракаеш былых сукамэрнікаў?”

Шыдлоўскі: “Спачатку часта, цяпер застаўся адзін сябар, з якім падтрымліваю кантакты. Да турмы ён працаваў у падатковай службе, але цяпер вярнуцца туды ня можа, працуе на будоўлі”.

Грузьдзіловіч: “У цябе было жаданьне адпомсьціць тым, хто цябе пасадзіў у турму?”

Шыдлоўскі: “Так. Нават жыва ўяўляў, як бы гэта зрабіў. Але зараз стаўлюся больш філязофскі: трэба было праз гэта прайсьці і ўсё.”

Грузьдзіловіч: “А прысуд ты ўспрыняў як несправядлівасьць?”

Шыдлоўскі: “Безумоўна. Наша хуліганства тады ніяк не падпадала пад крымінальную адказнасьць, гэта потым кодэкс зьмянілі. У нармальнай краіне далі б адміністрацыйны штраф і ўсё. Проста трэба было зрабіць паказальны працэс, каб іншыя ня бралі прыклад”.

“Навучыцца размаўляць сам з сабой”

Грузьдзіловіч: “А што, на тваю думку, найбольш цяжкае ў зьняволеньні?”

Шыдлоўскі: “Відаць, адарванасьць ад былога жыцьця, ад былых інтарэсаў. Гэта тым больш складана, калі ў цябе было цікавае насычанае жыцьцё. А ў турме трэба навучыцца жыць ўнутры сябе, нават размаўляць больш самому з сабой”.

Грузьдзіловіч: “Не ўяўляю, як ў турме выжыць чалавеку з гонарам? Кожны ахоўнік цябе зьневажае...”

Шыдлоўскі: “Няпраўда, ня кожны. Былі і прыстойныя людзі, якія ведалі пра маю справу і нават ў чымсьці дапамагалі”.

Першая прэсавая канфэрэнцыя па вызваленьні ва ўправе Партыі БНФ

”Сялянскія хлопцы, якім ўлада дала палкі”

Грузьдзіловіч: “Якія найгоршыя ўспаміны пра турму?” Шыдлоўскі: “У Жодзінскай турме, дзе я сядзеў да суду, ахоўнікамі былі сапраўдныя каты. Ну як каты? Сялянскія хлопцы, якім далі ў рукі палкі і бязьмежную ўладу над вязьнямі. Маглі вывесьці ў калідор і надаваць палкай па нырках, маглі ўзяць вядро вады і выліць на асабістыя рэчы, ці заліць пол у камэры, каб потым кружкамі вычэрпвалі ваду.

Потым мяне перавялі ў менскі ізалятар на Валадарскага, якім тады кіраваў Алег Алкаеў. Паводле маіх зьвестак, гэта ён загадаў перавесьці мяне з падвалу ў камэру на 4-м паверсе, дзе хаця б было нейкае паветра. Бо ўнізе можна было натуральна згніць. Там любая рана не загойваецца, а пашыраецца. Калі б былі добрыя вітаміны, яшчэ магчыма было б ўратавацца. Але вітамінаў ніякіх не давалі. Бінты давалі і ўсё”.

Чаму вязьні любяць сэрыялы?

Грузьдзіловіч: “А добрыя ўспаміны засталіся?”

Шыдлоўскі: “Вось калі перавялі з ізалятару – амаль як на свабоду адпусьцілі! Па сэктары можаш хадзіць, ў валейбол гуляць, газэты можаш выпісаць любыя, нават “Свабоду”. Тэлевізар зьявіўся. Праўда, адзін на ўсіх, глядзелі там розную лухту, сэрыялы. Пра мянтоў з Піцеру як раз сэрыял запусьцілі. Тады гэта толькі пачалося, а я ўяўляю, што зараз ў турмах: па ўсіх жа каналах сэрыялы пра ментоў і бандытаў.”

Грузьдзіловіч: ”А чаму вязьні любяць гэтыя сэрыялы?”

Шыдлоўскі: “Відаць лічаць, што гэта пра іх. Хаця ў менскай калёніі, дзе я сядзеў, асаблівых злодзеяў не было. Так, бытавыя злачынцы”.

Грузьдзіловіч: “Якія ў цябе былі адносіны з адміністрацыяй?”

Шыдлоўскі: “Ну якія? Начальнікі спачатку актыўна спрабавалі мяне перавыхаваць, відаць, на загад КДБ, а потым адчапіліся”.

Грузьдзіловіч: “Нейкі самы горшы дзень сваёй турэмнай эпапэі можаш вызначыць?”

Шыдлоўскі: “Калі мяне везьлі этапам са Стоўбцаў у Жодзіна і ў аўтазаку нас было як селядцоў у бочцы. Везьлі праз Клецк, Валожын, нейкім дзіўным шляхам, а я тады знаходзіўся на галадоўцы, схуднеў. Прывезьлі і падчас выгрузкі пачалі біць. Ня памятаю, як было, але я паваліўся, страціў прытомнасьць. Сэрца спынялася. Ачуняў ў шпіталі пад кропельніцай. Паўтара месяца ляжаў”.

1998год. Менск. Пікет у абарону Аляксея Шыдлоўскага

Грузьдзіловіч: “А як тваё сэрца зараз?”

Шыдлоўскі: “Ды ўсё нармальна”.

“Вось ты які, Шыдлоўскі”

Грузьдзіловіч: “Нечаканыя сустрэчы ў турме былі?”

Шыдлоўскі: “І не адна. Памятаю, сустрэў землякоў са Стоўбцаў: у паралельных клясах вучыліся, і тут раптам ў зоне сустрэча. Я дык ня быў асабліва зьдзіўлены, бо хлопцы былі яшчэ тыя, але вось для іх быў вялікі шок. Ці радасьць? Казалі, ты ж ў школе такі быў ціхоня, накшталт выдатніка! Што здарылася?”

Грузьдзіловіч: “Цяжка было патлумачыць, што палітычны?”

Шыдлоўскі: “Хутка самі даведаліся”.

2003, Менск. ”Дзе Зьміцер Завадзкі?”

Грузьдзіловіч: “Дарэчы, ты быў адзін з першых палітвязьняў. А як на гэта рэагавалі сукамэрнікі?”

Шыдлоўскі: “Па-рознаму. Былі і тыя, хто казаў, што ты ніякі не палітычны, а звычайны зэк. Іх нават абражаў мой асаблівы статус, што да мяне інакш ставяцца ахоўнікі. Адзін казаў: “Ты што, самы разумны? Зараз дадзім у пысу”. А потым ляжым, чытаем, адкрываецца “кармушка”. Загад: “Шыдлоўскі, падыдзі!”. Падыходжу. Глядзіць нейкі маёр і кажа: “Дык вось ты які!” І пайшоў. У камэры, зразумела, сьмех, але і павага адчуваецца”.

Грузьдзіловіч: “Ці ёсьць нешта станоўчае, чаму ты ў турме навучыўся?”

Шыдлоўскі: “Навучыўся сябе абараняць. Быў хлопчык такі ...не асабліва баявы, а ў выніку зразумеў, што можна і далей змагацца”.

Менск, лістапад, 1996. З сябрамі ля Дому ўраду

1996 год. Менск. У інтэрнаце журфаку

Аляксей Шыдлоўскі з жонкай Марынай

Менск. 2007

Менск. 2007

Аляксей Шыдлоўскі нарадзіўся ў 1978-м годзе, ў Стоўбцах, беларус. У 1996-м годзе паступіў вучыцца на факультэт журналістыкі БДУ, быў адлічаны пасьля арышту ў 1997-м годзе. Праз сем месяцаў асуджаны на паўтара году зьняволеньня за палітычныя графіці: на будынку райвыканкаму актывісты напісалі “Жыве Беларусь!”, “Пазьняк -- наш прэзыдэнт”, а таксама замянілі чырвона-зялёны сьцяг на бел-чырвона-белы.

Выйшаў на волю паводле амністыі за два дні да заканчэньня тэрміну. Абіраўся намесьнікам старшыні “Маладога фронту”, быў каардынатарам руху “Зубр”. За апошнія гады меў чатыры адміністрацыйныя арышты, агулам адсядзеў 45 дзён. Супрацоўнічаў з газэтамі “Навіны”,“Наша свабода”, “Наша ніва”, іншымі выданьнямі. Зараз вольны журналіст, друкуецца ў інтэрнэце.

Мае жонку Марыну, якая працуе перакладчыцай. Жыве ў Менску.


• Адзін дзень палітвязьня Ўладзімера Кудзінава, 22.11.2007 • Адзін дзень палітвязьня Паўла Мажэйкі, 19.11.2007 • Адзін дзень палітвязьня Аляксандра Васільева, 12.11.2007 • Адзін дзень палітвязьня Ўладзімера Плешчанкі, 6.11.2007 • Адзін дзень палітвязьня Валер’я Леванеўскага, 5.11.2007 • Адзін дзень палітвязьня Івана Крука, 25.10.2007 • Адзін дзень палітвязьня Васіля Лявонава, 24.10.2007 • Адзін дзень у сям’і палітвязьня Валер’я Шчукіна, 23.10.2007 • Адзін дзень у сям’і палітвязьня (усе перадачы), 7.03.2007