Таісія Кабанчук: “Аб’яднаемся ў адно – тады й будзе адзіны кандыдат”

Аляксандар Уліцёнак, Менск Грамадзкі рэдактар "Свабоды" тыдня Таісія Кабанчук зусім хутка адзначыць свой партыйны юбілей – 10 год таму яна ўвайшла ў шэрагі сацыял-дэмакратаў, а некалькі апошніх кіруе створанай ёю ж Бабруйскай гарадзкой суполкай БСДП (Грамада). У арганізацыі сёньня 75 чалавек. Як ставіцца спадарыня Кабанчук да ідэі яднаньня гарадзкіх дэмакратаў? Ці перасьледуюць у бабруйскай Грамадзе тых, хто хоча далучыцца, напрыклад, да акцыяў "Руху за Свабоду"? А што яна думае пра новае сацыял-дэмакратычнае крыло, утворанае Міколам Статкевічам?
Уліцёнак: “Чаму вы выбралі менавіта Грамаду, а ня, скажам, Фронт ці АГП?”

Кабанчук: “Калі мой сын сядзеў у СІЗА на “Валадарцы”, я вельмі часта езьдзіла да яго ў Менск…”

Уліцёнак: “…даруйце – што зь ім здарылася?”

Кабанчук: “За ўдзел у апазыцыйных акцыях. Сьледзтва вялося паўгады, затым суд: тры гады з адтэрміноўкай на два…Дык вось перад турмой і пазнаёмілася зь вядомымі палітыкамі. Напрыклад, зь Міхасём Чарняўскім, які быў сябрам ЦК “Народнай Грамады”. Тады якраз адбыўся раскол, я і сабрала дома людзей пад новае крыло – 25 чалавек. Цяпер нас утрая больш”.

Уліцёнак: “Зь іншых партыяў пераходзяць?”

Кабанчук: “Некалькі фронтаўцаў. Але ў асноўным мы прымаем новых людзей, раней непартыйных”.

Уліцёнак: “У Менску назіраюцца якраз дэзынтэграцыйныя працэсы…”

Кабанчук: “У нас паразуменьня больш, чым у цэнтры. Усе ў кааліцыі. Толькі “Рух за Свабоду” трымаецца на нейкай дыстанцыі”.

Уліцёнак: “Не было ў зьвязку са стварэньнем Руху выпадкаў, калі людзі пераліваліся і ўздымалася, адпаведна, пытаньне: ці там – ці там?”

Кабанчук: “Некаторыя сябры нашай партыі падчас апошніх выбараў працавалі на Мілінкевіча, дык мы нават ім ня ставілі такіх ультыматумаў. Бо на той момант шмат хто дрэнна ведаў Казуліна, і псыхалягічна прасьцей ім было працаваць на ягонага дэмакратычнага канкурэнта, гэта ж зразумела… Урэшце рэшт, мы ўсе працуем на адно – дык якая розьніца?”

Уліцёнак: “Вось зараз Мікалай Статкевіч аднавіў яшчэ адну сацыял-дэмакратычную партыю…”

Кабанчук: “Хай стварае”.

Уліцёнак: “А калі захоча мець суполку тут, у Бабруйску?”

Кабанчук: “Парэшткі прыхільнікаў Статкевіча ў нас і зараз ёсьць, толькі яны недзе згубіліся – даўно ўжо ня чуць пра іх. Дык мо ізноў зьбяруць у кучу, і будуць людзі пры справе – чым дрэнна?”

Уліцёнак: “А як вы ставіцеся да процілеглай ідэі – сабраць усіх сацыял-дэмакратаў у адно цэлае?”

Кабанчук: “Да гэтай мэты якраз і трэба ісьці. Калі мы ўжо сапраўды аб’яднаемся ў адну дэмакратыю, можа тады і будзе наш адзіны кандыдат прыняты ўсім грамадзтвам”.