На руінах музэя Ігната Буйніцкага пабудуюць краму

Ігар Карней, Глыбоцкі раён Учора віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Аляксандар Касінец у выступе перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў паабяцаў: да 2010 году Беларусь прыцягне больш за 4 мільёны замежных турыстаў. Дзеля гэтага, паводле чыноўніка, за тры гады будзе пабудавана 700 турыстычных аб’ектаў. Аднак рэальнасьць абвяргае абяцаньні ўладаў: на тле пабудовы новых аб’ектаў разбураюцца помнікі гісторыі і культуры, традыцыйнага дойлідзтва. Прыклад апошняга “абнаўленьня” – мястэчка Празарокі на Глыбоччыне, дзе Ігнат Буйніцкі заснаваў першы беларускі прафэсійны тэатар. Каб “расчысьціць” тэрыторыю пад бюджэтныя дамкі аграгарадку, пад знос ідуць старасьвецкія забудовы ХІХ-ХХ стагодзьдзяў.
Летась Беларусь наведала каля 100 тысяч замежных турыстаў. Гэта амаль удвая больш, чым пры канцы 1990-х, аднак да намаляванай беларускім віцэ-прэм’ерам пэрспэктывы ў “мільёны чалавек” вельмі далёка. Пры гэтым трэба ўлічваць: ці не на 80% замежнікаў у Беларусі – гэта турысты, якія па дарозе ў Расею спыняюцца тут пераначаваць. Рэальна прапанаваць іншаземнаму госьцю беларускія фірмы амаль нічога ня маюць.

Новая культура: аграгарадок з тэатральным налётам

Адзін з папулярных турыстычных маршрутаў па Глыбоцкім краі пачынаецца ў Празароках з далейшым пераездам у Плісу, Мосар, Германавічы ды іншыя старадаўнія мястэчкі. Разам з касьцёлам і царквой турыстам паказваюць помнік заснавальніку беларускага прафэсійнага тэатра Ігнату Буйніцкаму. А насупраць – руіны, у якія ператварыўся недабудаваны музэй таму ж Буйніцкаму.

Далей экскурсантаў не вядуць, бо тое, што варта было б ім паказаць, таксама ці ў занядбаным, ці ў дашчэнту зруйнаваным стане. А гэта – традыцыйныя для беларускага мястэчка забудовы, якія ўяўляюць гістарычную і культурную каштоўнасьць. Старасьвецкія дамы на Цэнтральнай і Полацкай вуліцах зносяцца, каб на іх месцы пабудаваць тыпавыя дамы будучага аграгарадку. Дарэчы, вуліца Цэнтральная вядзе ў Палевачы, дзе і нарадзіўся заснавальнiк беларускага тэатру Ігнат Буйніцкі. Апавядае кіраўніца музэю Буйніцкага ў Празароцкай сярэдняй школе Вольга Гінько:

“Перадусім пазносілі дамы, дзе колісь зьмяшчаўся дом для састарэлых і інвалідаў. Зруйнавалі дамок, у якім ужо ніхто не жыў, але ён адносіўся да старой пабудовы ХІХ стагодзьдзя. І пазносілі габрэйскія дамы – там, дзе аптэка была раней, вельмі цікавая пабудова з чыста габрэйскімі рысамі. Пасьля зьнесьлі яшчэ адзін габрэйскі дом, як у нас кажуць “на два канцы”. Іншыя пакуль не чапаюць, бо астатнія дамы жылыя, там дагэтуль сем’і жывуць. А дзе ўжо зруйнавалі, цяпер расчысьцілі пляцоўку для дамоў аграгарадку і пакуль спыніліся. Дый у прынцыпе тут ужо асабліва няма чаго і зносіць”.

Карэспандэнт: “А там, дзе музэй зьбіраліся ўзводзіць, праца так і ня рухаецца?”

“Гэта наша “кітайская сьцяна”. Там жа падвальнае памяшканьне вялізнае, дык страх што можа здарыцца. Каб хоць зьверху якую пляцоўку зрабіць, дык мог бы амфітэатар атрымацца для тэатральных сьвятаў. Але з улікам новага статусу аграгарадку там зьбіраюцца ставіць краму. Вось так...”

Паводле спадарыні Гінько, у Празароках засталося восем дамоў, якія маюць найменей па сто гадоў і якія яшчэ можна ўратаваць ад зьнішчэньня. Дарэчы, у 1990-х Вольга Гінько прапаноўвала зрабіць музэй Ігната Буйніцкага ў адным з такіх дамоў, дзе, адрозна ад цаглянай спаруды, можна было б максымальна ўзнавіць атмасфэру пачатку ХХ стагодзьдзя.

Чыноўнікам “гістарычны баляст” не патрэбны

Краязнаўца з Глыбокага Ўладзімер Скрабатун кажа, што сытуацыя, аналягічная празароцкай, характэрная і для іншых гістарычных мясьцінаў: чыноўнікі не зацікаўленыя браць “на балянс” гістарычныя аб’екты, якія патрабуюць дадатковых выдаткаў:

“Ужо людзі ня едуць у Празарокі. Нават тыя паэты, пісьменьнікі, акторы, якія зьбіраліся там на юбілеі Ігната Буйніцкага, ужо не прыяжджаюць. Бо няма ўжо тых Празарокаў, руйнуюць кожны год. Ад той забудовы, якую я яшчэ бачыў 10 гадоў таму, да лета заставалася толькі крыху. Там былі і пустыя будынкі цікавыя, а ў нас як будынак нічый, дык яго адразу і зносяць”.

Карэспандэнт: “Напярэдадні віцэ-прэм’ер Касінец заявіў, што ад 2010 году ў Беларусь будзе прыяжджаць 4 мільёны турыстаў. Вы верыце?”

“Калі я сам-насам з нашымі чыноўнікамі размаўляю, яны зь мяне сьмяюцца: нам, маўляў, нявыгадна гэтым займацца, грошай няма і ніхто іх ня дасьць, дык лепей гэтыя помнікі аддаць людзям і няхай разьбіраюць на цэглу. Дык хоць нейкая карысьць зь іх будзе. Вось што гавораць супрацоўнікі райвыканкаму. І калі ім не цікава, дык што я ці іншыя можам зрабіць?”

Празарокі -- старажытнае мястэчка, радзіма беларускага тэатру. З ХVІ стагодзьдзя вядомае як уладаньне магнатаў Кунцэвіча, Туковіча, Храпавіцкага. У цэнтры Празарокаў стаіць помнiк Iгнату Буйнiцкаму, дзе ён і пахаваны. Паколькі спроба пабудаваць новы будынак музэю Ігната Буйніцкага плёну так і ня мела, музэй месьціцца ў невялікім памяшканьні мясцовай школы.


Расейскамоўны ўказальнік ля помніка беларускаму дзеячу. “Замарожаны” музэй Буйніцкага як “пэйзаж пасьля бітвы”. Аграгарадку замінаюць старасьвецкія хаты “на два канцы”.