Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.
У наступную нядзелю ў Расеі адбудуцца парлямэнцкія выбары. Многія ў Беларусі ўважліва сочаць за выбарчай кампаніяй у суседзяў: параўноўваюць з тутэйшымі выбарамі, разважаюць пра тое, як палітычныя зьмены ў Маскве могуць адбіцца на беларускіх рэаліях.
Аўтар аднаго зь лістоў на гэтую тэму — Юры Зянкевіч зь Віцебскага раёну:
“Там, у Расеі, цяпер адбываецца тое ж, што і ў нас у сярэдзіне дзевяностых гадоў. Рэжым улады усё ў большай ступені становіцца аўтарытарным. Ад выбараў ніхто нічога не чакае: усе загадзя ведаюць, што зь вялізным адрывам пераможа “Адзіная Расея”, якую ўзначальвае Ўладзімер Пуцін. Дэмакраты ў Думу ўвогуле ня пройдуць.
Пуцін, можа, і сумленны чалавек: як яго ні ўгаворвалі, ён не пайшоў шляхам, пракладзеным Лукашэнкам і азіяцкімі правіцелямі, адмовіўся перапісваць пад сябе канстытуцыю, каб застацца пры ўладзе.
Але хто прыйдзе пасьля яго? Дзе гарантыі, што той пасьля васьмі гадоў прэзыдэнцтва таксама знойдзе ў сабе сілы адмовіцца ад пажыцьцёвага прэзыдэнцтва? Гарантыяў — ніякіх.
Над Беларусьсю зноў навісае небясьпека. Усталюецца ў Расеі таталітарны рэжым — і гэта можа прывесьці да страты незалежнасьці. Два дыктатары знойдуць паміж сабой агульную мову — і Беларусь стане часткай новай Расейскай імпэрыі, а Лукашэнка — імпэратарам”.
Калі даходзіць справа да дзяльбы ўлады, аўтарытарныя валадары рэдка прыходзяць да згоды, спадар Зянкевіч. Калі б расейская палітычная эліта пагадзілася на тое, што крамлёўскі пасад зойме Аляксандар Лукашэнка, беларусы, верагодна, ужо напрыканцы дзевяностых гадоў ня мелі б уласнай незалежнай дзяржавы.
Лёс дэмакратыі ў сёньняшняй Расеі, сапраўды, няпэўны. Але хто б ні прыйшоў там да ўлады, пад якімі б сьцягамі і лёзунгамі ні выступаў — гіпатэтычнае беларуска-расейскае аб’яднаньне як заканчвалася, так і будзе заканчвацца там, дзе пачынаюцца асабістыя палітычныя амбіцыі лідэраў.
Наш слухач Віталь Крук зь Менску напісаў на “Свабоду”, пачуўшы паведамленьне пра ліквідацыю акадэмічнага Інстытуту літаратуры:
“Вось і дачакаліся мы чарговага ўдару пад дых беларускасьці. Ліквідаваны Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы. Сапраўды, тое, чаго не змаглі зрабіць расейскія гарматы і шыбеніцы Мураўёва, на што не пайшла нават камуністычная ўлада, зрабілася сваімі за трынаццаць гадоў. Дзьвесьце гадоў марнай працы дзеля зьнішчэньня беларускасьці — і ўсяго трынаццаць гадоў...
Праўду кажуць, што ніводзін чужы ня можа нарабіць такой шкоды, як свой. Яшчэ колькі гадоў — і мова нашая зьнікне ня толькі з афіцыйных дакумэнтаў, але ўвогуле загіне. Гэта ганьба Беларусі”.
Наўрад ці, Віталь, ліквідацыя аднаго навуковага інстытуту будзе мець такія фатальныя і хуткія наступствы для лёсу мовы. Згадайма: у ХІХ стагодзьдзі не было ня тое што інстытуту, які б дасьледаваў нацыянальную літаратуру і мову — кнігі і газэты па-беларуску фактычна не выдаваліся. Не існавала ні беларускамоўнай адукацыі, ні навуковай базы, ні падручнікаў…
Праўда, тады мова жыла ў сялянскай хаце, а Беларусь была пераважна сялянскай краінай. Цяпер — іншыя праблемы. Хоць небясьпека (тут вы, Віталь, маеце рацыю) — усё тая ж: існаваньне мовы, яе пэрспэктывы, яе статус у грамадзтве.
Наш слухач Яўген Стужыньскі зь Нясьвіжу, як актывіст Саюзу палякаў, быў сьведкам інцыдэнту ля Чырвонага касьцёлу ў Менску 11 лістапада. У сваім лісьце спадар Стужыньскі так апісвае той выпадак:
“Нечакана зьявілася група агрэсіўна настроеных маладых людзей (каля дзясятка чалавек). Яны былі ў вайсковых штанах, на галовах вязаныя шапачкі. Я ішоў сярод апошніх, і дакладна ўсё бачыў. Яны брыдкасловілі, выкрыквалі абразы на адрас палякаў, пажылых людзей, сярод якіх былі жанчыны.
Уся лаянка абрынулася на галовы людзей, якія не пасьпелі зайсьці ў памяшканьне, бо дыпляматы туды ўжо зайшлі. Потым кожнае нецэнзурнае слова хуліганы падмацавалі пляўкамі. Яны плявалі зьверху на людзей.
Гэтыя хуліганы выконвалі чыйсьці загад, бо ведалі дакладна час імпрэзы, і пільнавалі, калі людзі выйдуць з касьцёлу. Відавочна, яны хацелі справакаваць нас, каб учыніць бойку. Але крыху спазьніліся, і правакацыя не атрымалася. Вось што адбываецца ў самым цэнтры Менску”.
Нагадаю, у той вечар амбасада Польшчы ў Беларусі ладзіла сьвяткаваньне Дня незалежнасьці, і менавіта запрошаныя на гэту імпрэзу трапілі пад зьнявагі невядомых зламысьнікаў.
Звычайна за такімі імпрэзамі, якія ладзяць дыпляматычныя прадстаўніцтвы, пільна сочыць міліцыя. Тым больш, што ўсё адбывалася ў цэнтры гораду, побач з Домам ураду. Але ў той вечар і ў тым месцы невядомыя хуліганы дзейнічалі зусім беспакарана.
Цікавы ўспамін з гісторыі сваёй сям’і распавёў у лісьце на “Свабоду” наш слухач Уладзімер Башкіраў з Магілёва.
“Мой бацька, Башкіраў Мікалай Пятровіч, на пачатку пяцідзясятых гадоў (калі яшчэ быў жывы “бацька народаў”) працаваў на Магілёўскім гарбарным заводзе загадчыкам лябараторыі. Карыстаючыся тым, што на працоўным месцы пастаянна быў сьпірт, яны з начальнікам спэцаддзелу часта выпівалі.
Аднойчы той кажа бацьку: “Мікалай Пятровіч, ня ведаю, што і рабіць: прыйшла разнарадка яшчэ на двух чалавек (гэта значыць, на “ворагаў народу”). Я ўжо ўсіх, каго можна, аддаў. Застаўся толькі ты…” Бацька здранцьвеў. Але тым разам неяк абышлося. А неўзабаве і “вялікі правадыр” памёр.
Калі тата мне гэта ўпершыню расказаў, я падумаў, што ён жартуе. І толькі значна пазьней даведаўся ўсю праўду пра бальшавікоў.
Таму мяне вельмі ўразіла, калі на пачатку лістапада да нас у Менск нашчадкі і аднадумцы той бальшавіцкай нечысьці зьляцеліся з усяго сьвету на свой шабаш. Хацелася б ведаць, хто іх сюды паклікаў і за чый кошт яны тут гасьцявалі? Я разумею, калі іх паклікаў да сябе ў Маскву Зюганаў: у яго, відавочна, яшчэ ня скончыліся грошы КПСС. А мы тут пры чым?”
Арганізатары гэтай нарады зь ліку праўладных беларускіх камуністаў сьцьвярджаюць, што за ўсё заплацілі са сваіх унёскаў. Сьцьвярджэньні гучаць ня надта праўдападобна, але хто іх цяпер праверыць?
Пачаткова ўся імпрэза задумвалася з размахам. Некаторыя нават меркавалі, што на мапе сьвету ў выніку зьявіцца новы цэнтар міжнароднага камунізму. Але цэнтар не зьявіўся: у Менск прыехалі пераважна другарадныя асобы, і ў выніку Аляксандар Лукашэнка нават не ўшанаваў іх сваёй прысутнасьцю.
На заканчэньне ліст ад Тацяны Барэль з Асіповічаў:
“Чула я неяк па вашым радыё расейскамоўную беларуску, якая казала, што ненавідзіць беларускую мову. Падумала: сказала б яна гэта сваім продкам! Сама я шаную ўсё беларускае, ведаю, як важна захаваць гэты скарб нашчадкам.
Да пэўнага часу ў мяне не было адчуваньня, што жыву ва ўмовах акупацыі, аб якой даўно папярэджвае Зянон Пазьняк. Гэтае адчуваньне прыйшло пасьля наведваньня зусім блізкага замежжа — украінскага Львова. Прыкарпацьце жыве сваёй мовай, гісторыяй, культурай, верай.
І ўсю Ўкраіну не назавеш чыімсьці рэгіёнам — гэта самастойная краіна. І ўсё ў ёй будзе добра.
Вяртаючыся на радзіму, я ўпершыню зірнула на яе вачыма замежніка. І ўбачыла ў ёй Расею. Мова, сродкі масавай інфармацыі, эстрада, школа, дакумэнтацыя — усё расейскае. А дзе ж Беларусь?
Вярніце нам нашу краіну! — патрабую я ад кіраўнікоў і чыноўнікаў усіх рангаў, і малю Бога, каб як найхутчэй падарыў ім розум”.
Украінскае Прыкарпацьце, Галіцыя цярпелі ад русіфікацыі толькі на працягу сарака пяці гадоў ХХ стагодзьдзя. Гэта не параўнаць з двума апошнімі стагодзьдзямі, якія заставаліся ў складзе Расейскай імпэрыі (а пазьней Савецкага Саюзу) Беларусь альбо Ўсходняя Ўкраіна.
Уражаньні ад наведваньня Днепрапятроўску альбо Данецку ў вас, спадарыня Барэль, былі б зусім іншымі, чым ад Львова.
Вядома, многае сёньня, калі і Беларусь, і Ўкраіна сталі незалежнымі дзяржавамі, залежыць ад нацыянальнай палітыкі ўладаў. Але ня толькі ад яе. Калі б грамадзкая думка актыўна супраціўлялася русіфікацыі ў Беларусі — напэўна, моўная сытуацыя тут была б зусім іншай.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by