Чаму ў Менску немаўлятам дадатковую дапамогу даюць, а ў правінцыі – не?

Іна Студзінская, Менск 2007 год у Беларусі абвешчаны годам дзіцяці. Але чамусьці беларускія немаўляты апынуліся ня ў роўных умовах: сталічным перападае ад дзяржавы болей дапамогі, правінцыйным – меней.
Салігорскія маладыя маці абураюцца тым, што на будаўніцтва Лядовага палаца ў гарадзкім бюджэце сродкі ёсьць, а на дапамогу дзецям – няма. У сталіцы мясцовыя ўлады, маўляў, дадаткова да штомесячнай дапамогі ў 120 тысяч выдаткоўваюць яшчэ больш за 60 тысяч маладым маці. Гэтыя грошы ў народзе называюць “пампэрснымі”, кажа Натальля, якая мае чатырохмесячнага сына::

“Гэта мэрыя Менску, гэта асабістае рашэньне старшыні выканкаму Менску Міхаіла Паўлава. Дадатковыя 60 тысяч рублёў – гэта добрыя грошы для маладой маці. Як раз на пампэрсы хапае”.

Супрацоўніца аддзелу адраснай дапамогі Ўпраўленьня працы і сацыяльнай абароны Менгарвыканкаму патлумачыла:

“Гэта дадатковая выплата з дзяржбюджэту ў памеры розьніцы паміж бюджэтам пражытковага мінімуму і памерам дапамогі на дзіця. Зараз гэта 64980 рублёў, з 1 лістапада крыху павялічылася. Па заяўнаму прынцыпу неабходна прадставіць пакет дакумэнтаў”.

У Салігорску, дзе ёсьць горадаўтвараючае прадпрыемства "Беларуськалій", якое нямала дае ў гарадзкі бюджэт, такой дапамогі жанчынам няма. Высьветліць, чаму, да прыкладу, ў гарадзкім бюджэце знаходзяцца грошы на будаўніцтва Лядовага палацу, а на дапамогу малады маці – няма, нам не ўдалося. Намесьнік старшыні Салігорскага гарвыканкаму па сацыяльных пытаньнях Анатоль Казакевіч сказаў наступнае:

“Я ня ведаю, вы са Свабоды ці з “Народнай Волі”. Выбачайце, але я па тэлефоне на пытаньні сродкаў масавай інфармацыі не адказваю. Да пабачэньня”.

Супрацоўніца сталічнага аддзелу адраснай сацыяльнай дапамогі патлумачыла:

“Гэта толькі за кошт сродкаў мясцовага бюджэту, за кошт сродкаў Менгарвыканкаму. Таму тут цяжка апэляваць, чаму няма ў абласьцях. У абласьцях, канечне, бюджэт больш сьціплы, таму адміністрацыя гарвыканкамаў не ідзе на такі крок”.

Але ня так проста гэтую дадатковую “пампэрсную” дапамогу ў сталіцы атрымаць, кажа маладая маці Вольга:

“Каб яе атрымліваць, жанчына павінна сама, так бы мовіць, прыйсьці і яе папрасіць. Сабраць цэлы стос усялякіх даведак, пачынаючы з даведкі з працы, узяць даведку з месца жыхарства, пра склад сям’і і гэтак далей... Карацей, гэта займае нармальных тры дні. Потым пайсьці, напісаць заяву, і што мяне асабіста яшчэ зьдзівіла, для таго, каб атрымаць гэтую дапамогу, трэба адкрыць рахунак у “Беларусбанку”, але менавіта ў вызначаным для гэтага філіяле, які, напрыклад, ад мяне знаходзіцца вельмі далёка. Але, натуральна, многія на гэта ідуць, таму што гэта амаль палова той дапамогі, якую атрымліваеш на дзіця”.