Вянок Памяці: Кастусь Мярляк

Валянціна Аксак, Менск Жалобная вестка прыйшла са Злучаных Штатаў Амэрыкі. Там 25 лістапада на 88-м годзе жыцьця памёр адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў беларускіх грамадзкіх арганізацыяў на эміграцыі Кастусь Мярляк.
Кастусь Мярляк нарадзіўся на Наваградчыне ў вёсцы Дзетамля 25 сьнежня 1919 году. Скончыўшы школу спэцыялістаў для сельскай гаспадаркі, быў бугальтарам ў каапэратыве ў Наваградку.

Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да СССР працаваў у Карэліцкім аддзяленьні Дзяржбанку. Там яго і засьпела вайна, падчас якое ён быў інтэндантам у беларускай адміністрацыі на Наваградчыне.

Зь лета 1944 году — на эміграцыі, спачатку ў Італіі, а потым у Аргентыне.

Гаворыць дасьледчык беларускай эміграцыі гісторык Алег Гардзіенка:

“Кастусь Мярляк зьяўляецца адной з цэнтральных фігураў у беларускай эміграцыі. У Аргентыну ён прыехаў з Італіі ў 1947 годзе і стварыў там “Згуртаваньне беларусаў Аргентыны”.

Да гэтага там існавала шаснаццаць беларускіх суполак, але яны ўсе былі пад уплывам савецкай амбасады. Кастусь Мярляк стварыў незалежную антыкамуністычную беларускую арганізацыю”.

У сярэдзіне 1950-х спадар Мярляк пераехаў у ЗША, дзе адразу ж актыўна ўключыўся ў жыцьцё беларускае грамады. Прыгадвае дырэктар Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўт Кіпель:

“Якраз у тым часе ішлі пошукі, каб купіць беларускі цэнтар, і спадар Мярляк вельмі прылажыўся да таго, каб набыць царкву ў Брукліне, пяцідзесяцігодзьдзе якой мы нядаўна адзначалі.

Мы зь ім некалькі разоў былі ў Вашынгтоне ў праграме паняволеных народаў. І ўвесь час, дзе трэба была палітычная прэзэнтацыя беларуская, з Кастусём Мерляком даводзілася вельмі часта выступаць.

Гэта быў вельмі дзейны чалавек, і ўклад ягоны ў грамадзкае жыцьцё беларусаў у Амэрыцы, безумоўна, быў значны”.

Пасьля атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці Кастусь Мярляк прыяжджаў на радзіму і многіх уразіў сваёй непасрэднасьцю.

Тагачасная старшыня замежнай камісіі Беларускага Народнага Фронту Валянціна Трыгубовіч была разам зь ім па ягонай настойлівай просьбе на сустрэчы з кіраўніком КДБ Эдуардам Шыркоўскім. Яна распавядае:

“Пытаньні ў яго былі канкрэтныя — як цяпер ставіцца незалежная Беларусь да тых эмігрантаў, якія змушаныя былі ў 1944 годзе пакінуць родную зямлю? І адказы былі, што эмігрантам больш няма чаго баяцца, што ўсе, хто ня зьдзейсьніў крывавых злачынстваў, маюць права вольна наведваць бацькаўшчыну ў любы час.

І вось выходзім мы зь ім на ганак камітэту Дзяржбясьпекі, і ён раптам так зьдзіўлена ў мяне пытае: “А дзе журналісты? Я быў прыняты старшынём КДБ — я мушу гэта расказаць журналістам”. І вось гэты момант я па сёньняшні дзень успамінаю”, — распавяла Валянціна Трыгубовіч.

Разьвітаньне з Кастусём Мерляком пройдзе ў Нью-Ёрку ў беларускай царкве імя Кірылы Тураўскага на Рычманд-Гіле.

Па ім засталіся жонка Ганна і сыны Юльян, Даніла і Вінцэнт.