Аляксандар Лагвінец уганараваны “Прэміяй Эўропы”

Уладзімер Глод, Менск Нямецкі фонд імя Гайнца Шварцкопфа “Маладая Эўропа” уганараваў “Прэміяй Эўропы” 2007 году беларуса Аляксандра Лагвінца. Малады беларускі выкладчык паліталёгіі адзначаны за дасягненьні ў наладжваньні лепшага паразуменьня паміж Беларусьсю й Эўрапейскім Зьвязам.
Гэта прэмія прысуджаецца з 2003 году арганізацыі альбо прыватнай асобе, якая адмысловым чынам паспрыяла эўрапейскай згодзе й інтэграцыі Эўропы, а таксама яе мірнай і адказнай ролі ў сьвеце. Сярод ляўрэатаў гэтай узнагароды Карла дэль Понтэ, галоўны пракурор трыбуналу па злачынствах у былой Югаславіі, Навід Кермані, іранскі навуковец і дысыдэнт, Дзітэр Косьлік, дырэктар Міжнароднага Бэрлінскага кінфэстывалю.

Сам Фонд імя Гайнца-Шварцкопфа “Маладая Эўропа” быў створаны ў 1971 годзе дзеля падтрымкі дзейнасьці на карысьць адзінай Эўропы й прамоцыі эўрапейскай інтэграцыі. Штогод фонд супольна з Эўрапейскім парлямэнтам вызначае “Маладога эўрапейца году”. У сваю чаргу “маладыя эўрапейцы году” прысуджаюць “Прэмію Эўропы”. У гэтым годзе іх выбар спыніўся на выкладчыку-палітолягу й грамадзкім дзеячы зь Беларусі.

Вось як тлумачыць гэты выбар Давід Штулік, ляўрэат узнагароды “Малады эўрапеец 1997 году”, які быў чальцом журы, што выбірала ляўрэата “Прэміі Эўропы” сёлета:

“Працяглы час эўрапейская супольнасьць не зьвяртала ўвагі на Беларусь з увагі на палітычныя цяжкасьці двухбаковых дачыненьняў. Сытуацыя зараз мяняецца, дзякуючы беларусам з эўрапейскімі поглядамі, якія не перастаюць паўтараць, што Беларусь зьяўляецца часткай Эўропы. Іх праца знаходзіць водгукі й прызнаньне ў Эўропе”.