«Зьнялі з падпіснога каталёгу газэту «Коммерсантъ»: я ў роспачы!»

Радыё Свабода У Беларусі пачалася падпісная кампанія на 2008 год. Ці ахвотна людзі падпісваюцца на пэрыядычныя выданьні? Ці зьмянілася сытуацыя ў тых газэтаў, якім раней адмаўлялі ў распаўсюдзе праз падпіску?
Навошта? Усё – праз тэлебачаньне!

Перад уваходам на Галоўны паштамт у Менску – шматлюдна. Запытваюся тых, хто выходзіць, - ці маюць звычку падпісвацца на пэрыядычныя выданьні альбо набываць іх у шапіках больш зручна?

Кабета: «Не».

Радыё Свабода: «А чаму»?

Кабета : «Ня ведаю, усё – па тэлебачаньні».

Дзяўчына: «Брат мой выпісвае, ён у міліцыі працуе».

Радыё Свабода: «А якія выданьні менавіта»?

Дзяўчына: «На страже», нейкі часопіс, і яшчэ газэту– ня памятаю, як назва».

Радыё Свабода: «А тэматыкі яны якой»?

Дзяўчына: «А там пра ўсё: навіны, тэлепраграма... Іх абавязваюць на працы падпісвацца, дык нам хапае».

Хлопец: «Рэдка. Калі набываю, то «БелГазету». У асноўным, у інтэрнэце чытаю – так прасьцей».

Мужчына: «Не, наагул не чытаю. Толькі Інтэрнэт».

Дзяўчына: «Так. «Советскую Белоруссию», «Адзінства». Я ўсё чытаю, але ў асноўным – «Адзінства». Там пра наш горад пішуць і наагул можна шмат цікавага дазнацца».

Жанчына: «Набываю. «Антенну», «Телегазету»... Ну, і ўсё».

Нельга падпісацца на «Коммерсантъ»

Адна з маіх суразмоўцаў выходзіць з Галоўнага паштамту ледзь не са слязьмі на вачох. На маё пытаньне патлумачыла:

Дзяўчына: «Зьнялі з падпіснога каталёгу ўсе выданьні выдавецкага дому «Коммерсантъ»: і «Деньги», і «Власть», і газету «Коммерсантъ». Я ў роспачы, няма словаў проста, – гэта былі адзіныя выданьні, якія было варта чытаць з пункту гледжаньня аб''ектыўнага аналізу».

Няма ў падпісным каталёгу таксама газэты «СН плюс. Свободные новости плюс». Хаця паводле продажаў праз шапікі «Белпошты», газэта карыстаецца папулярнасьцю, распавядае галоўны рэдактар выданьня Васіль Зданюк:

«Падпіскі няма. І ўжо ня першы год – 5 год нам адмаўляюць – папросту не ўключаюць у падпісны каталёг. Цяпер наклад амаль 18 тысяч і ўсё амаль бяз рэшткаў прадаецца».

Газэце «Народная воля» адмаўляюць ня толькі распаўсюд праз падпісы каталёг, але і продаж праз шапікі. Але выдавец Іосіф Сярэдзіч трымаецца аптымістам:

«Як заўсёды, мы зьвярнуліся да нашых чытачоў, каб яны рабілі перадаплату праз паштовыя аддзяленьні і філіялы «Беларусбанку» да канца сьнежня. І мы спадзяемся, што чытачоў стане нават болей. Сёньня газэта мае наклад 11 тысячаў. Мяркую, ён павялічыцца, бо газэту выдаем неблагую».

• Прымусовая падпіска: дакумэнт зь Міністэрства адукацыі , 21.09.2007