Пачаліся мэмарыяльныя мерапрыемствы да ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну

Севярын Квяткоўскі, Менск Каля 70-ці чалавек зь Менску наведалі мясьціны, дзе 27 лістапада 1920 году пачаліся баі войскаў Слуцкай Рады БНР супраць бальшавікоў. У вёсках Грозаў і Семежава месьцяцца памятныя крыжы на памяць пра загіблых случакоў. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел актывісты Парты БНФ, прадстаўнікі аргкамітэту па ўшанаваньні ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў ды іншыя ахвочыя.
Распавядае адзін з арганізатараў выправы Франак Вячорка:

“Мы наведалі мястэчкі Грозаў, Вызна, Семежава, наведалі Слуцак. Каля кожнага з крыжоў усклалі кветкі і прасьпявалі гімн “Магутны Божа”. На дудзе граў Пан Скіргайла. Узгадалі герояў Слуцкага збройнага чыну. Расказалі, што гэтыя дні ўганараваньня слуцкіх герояў становяцца пачаткам доўгатэрміновае кампаніі па адзначэньні 90-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі”.

У адрозьненьне ад папярэдніх падобных паездак, сёлета міліцыя ня чыніць перашкодаў удзельнікам мерапрыемства. Далей Франак Вячорка:

“Міліцыянты, у тым ліку супрацоўнікі ДАІ, суправаджаюць нас, картэж зьмяняецца ад раёну да раёну. Яны проста сочаць за намі. Папярэдне нам быў дадзены дазвол ад выканкаму Менскай вобласьці пра тое, што мы можам правесьці мэмарыяльныя імпрэзы каля памятных крыжоў і мясьцінаў Слуцкага збройнага чыну: з маленькімі мітынгамі і пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Мы гэта і зрабілі”.

Франак Вячорка пра ўдзельнікаў імпрэзы:

“Большая частка – гэта моладзь. З аднаго боку, для іх паездка – экскурсія. Зь іншага – уводзіны ў праўдзівую беларускую гісторыю. У канцавым пункце вандроўкі ў Старых Дарогах мы ўдзельнічаем у адкрыцьці памятнага крыжа героям Слуцкага збройнага чыну, які стварыў кіраўнік мясцовага Музэю беларускага сучаснага мастацтва Анатоль Белы”.

Наступная мэмарыяльная імпрэза да 87-х угодкаў Слуцкага збройнаг чыну адбудзецца 25 лістапада. Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ атрымалі дазвол на мітынг у Слуцку побач з будынкам, дзе была абвешчаная Слуцкая рада БНР.

Старыя Дарогі: зьявіўся першы помнік слуцкім паўстанцам, 8.11.2007 На Гарадоччыне зьявіўся Крыж Памяці, 28.10.2007 Сьвіслач: Дзень памяці паўстанцаў 1863 г. адзначылі пад наглядам міліцыі, 27.10.2007