Нямецкія палітыкі пра стасункі зь Беларусьсю

Алесь Дашчынскі, Менск У Менску працягваецца нямецка-беларуская канфэрэнцыя “Менскі форум”. У ёй удзельнічаюць дэпутаты нямецкага парлямэнту й замежнапалітычнага ведамства. Як яны ацэньваюць пэрспэктывы кантактаў Беларусі й Эўразьвязу, а таксама прыярытэты палітыкі Нямеччыны адносна Беларусі?
Падчас адкрыцьця “Менскага форуму” выступіў дзяржаўны міністар у фэдэральным міністэрстве замежных справаў, дэпутат Гернат Эрлер.

Ён заявіў, што сытуацыя ў Беларусі далёкая ад агульнапрынятых каштоўнасьцяў і стандартаў АБСЭ — дэмакратыі, вяршэнства закону і захаваньня правоў чалавека.

Аднак Эўразьвяз унес свае прапановы і гатовы стаць партнэрам на шляху мадэрнізацыі Беларусі. Спадар Эрлер сказаў, што афіцыйны Менск зрабіў ужо “ціхія сыгналы” — дазволіў правесьці Эўрапейскі і Сацыяльны маршы. Але гэтага недастаткова, бракуе рэальных крокаў.

Паводле спадара Эрлера, было б слушна скарыстацца амністыяй для вызваленьня беларускіх палітзьняволеных, правесьці празрыстыя й сумленныя выбары і пачаць дыялёг з апазыцыяй.

На пытаньне карэспандэнта “Свабоды”, ці падтрымае Нямеччына санкцыі ЗША супраць канцэрну “Белнафтахім”, Гернат Эрлер адказаў:

“Гэта пытаньне амэрыканскага боку, і я не хацеў бы гэта камэнтаваць. Я ведаю, што гэта мае пэўнае эканамічнае значэньне для Беларусі. У нас ёсьць уласная эўрапейская палітыка адносна Беларусі, усё іншае ў адказнасьці нашых амэрыканскіх сяброў”.

Дэпутат Бундэстагу Карл-Георг Вэльман прагназуе збліжэньне Эўразьвязу і ЗША. Адносна санкцыяў супраць “Белнафтахіму” ён сказаў:

“Пытаньне, ці могуць санкцыі і ізаляцыя дапамагчы ў доўгай пэрспэктыве. Мы за палітычны дыялёг зь Беларусьсю, каб зрабіць крокі дзеля мадэрнізацыі грамадзтва. Ёсьць пэўныя разыходжаньні, але ёсьць пазыцыя Эўразьвязу, і мы падтрымліваем яе на сто працэнтаў”.

Прадстаўнік міністэрства замежных справаў Нямеччыны Ганс-Дытэр Люкас заявіў, што стасункі Беларусі і Эўразьвязу анамальныя, бо Беларусь застаецца па-за рамкамі агульнаэўрапейскіх працэсаў.

Беларусь пакуль не далучылася да эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва — параўнальна з Армэніяй, Азэрбайджанам і Грузіяй.

“Я думаю, неўзабаве гаворка мусіць ісьці пра тое, каб пераадолець прорву паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Але гэта будзе магчыма, калі Беларусь прыме эўрапейскія каштоўнасьці й зробіць тут канкрэтныя крокі. Пра гэта казаў спадар Эрлер.

Гэта вызваленьне палітзьняволеных, дэмакратычныя выбары і свабода мэдыяў. Эўразьвяз гатовы суправаджаць Беларусь. Калі гэта будуць малыя, але рэальныя крокі, то зьменяцца дачыненьні паміж Эўразьвязам і Беларусьсю”.

Дэпутатка Бундэстагу Марылюіза Бэк сказала, што дзьверы з боку Эўразьвязу адчыненыя. Але пытаньне ў тым, куды хоча ісьці Беларусь?

У справе далучэньня да палітыкі добрасуседзтва мусіць быць дыскусія ўнутры краіны з удзелам усіх палітычных сілаў. Абавязкова мусяць быць свабода слова, сходаў і аб’яднаньняў. Паводле спадарыні Бэк, для сустрэчы Беларусі й Эўразьвязу на адным узроўні таксама неабходна вызваліць палітзьняволеных.

Ці ёсьць нейкія перамены ў нямецкай палітыцы адносна Беларусі?

“Пакуль не. Мы назіраем зь вялікім інтарэсам, ці пашле беларускі бок сыгналы. Гэта дае інтарэс да адкрыцьця. Тады мы будзем больш чым шчасьлівыя уступіць у новы этап зь Беларусьсю”.


Дзяржаўны міністар у фэдэральным міністэрстве замежных справаў, дэпутат Гернат Эрлер з намесьнікам міністра замежных справаў Беларусі Валер’ем Варанецкім


Прадстаўнік міністэрства замежных справаў Нямеччыны Ганс-Дытэр Люкас і дэпутатка Бундэстагу Марылюіза Бэк падчас дыскусіі на “Менскім форуме”

У Менск прыяжджае дзяржміністар МЗС Нямеччыны Гернат Эрлер, 21.11.2007