12 умоваў Эўразьвязу: што выканана?

Ганна Соўсь, Менск Мінуў год, як абвясьцілі новую палітыку Эўразьвязу датычна Беларусі. Прапановы Эўразьвязу застаюцца ў сіле, гаворыцца ў заяве прадстаўніцтва Эўракамісіі ва Ўкраіне й Беларусі. Эўразьвяз зрабіў выгадныя эканамічныя й гуманітарныя прапановы народу Беларусі — у выпадку, калі беларускія ўлады вызваляць палітвязьняў, дэмакратызуюць выбарчую сыстэму й будуць выконваць іншыя абавязаньні. Ці адбыліся за год зрухі ў дачыненьнях Беларусі й Эўразьвязу?
“Эўразьвяз гатовы разьвіваць блізкія дачыненьні зь Беларусьсю і яе народам, як толькі беларускі ўрад прадэманструе павагу да дэмакратычных каштоўнасьцяў і асноўных правоў беларускіх грамадзянаў”. Пра гэта гаворыцца ў заяве прадстаўніцтва Эўракамісіі ва Ўкраіне й Беларусі.

Мінуў год, як Эўракамісія апублікавала дакумэнт “Што Эўразьвяз можа даць Беларусі”, у якім Менску прапаноўвалася паўнавартаснае партнэрства ў рамках Эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва.

Гаворка ішла пра спрашчэньне паездак беларускіх грамадзянаў у Эўразьвяз, магчымасьць працаваць і вучыцца ў Эўразьвязе, дадатковыя магчымасьці для бізнэсу і гандлю, а таксама дапамога Беларусі ў рэформаваньні сыстэмы аховы здароўя і адукацыі, грамадзкай адміністрацыі й мясцовага кіраваньня.

Наўзамен Эўразьвяз патрабаваў вызваліць усіх палітвязьняў, паважаць свабоду слова, мэдыяў і сходаў, правесьці свабодныя і справядлівыя выбары, расьсьледаваць справы зьніклых і паважаць правы меншасьцяў.

“Гэта пачатак перабудовы, калі разумець пад перабудовай жаданьне паднавіць сыстэму”

Цягам году дэмакратычныя сілы Беларусі інфармавалі грамадзтва пра прапановы Эўразьвязу.

Адзін з арганізатараў “Эўрапейскага маршу” намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч лічыць, што гэта быў год маруднага асэнсаваньня беларускімі ўладамі неабходнай і непазьбежнай эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Эўразьвязу.

“Заявы пра гэта ўсё часьцей гучаць ад беларускіх чыноўнікаў. Іншая рэч, што ўладатрымальнікі хацелі б мець эканамічныя выгады ад супрацы з Эўропай, нічога ня робячы ў галіне дэмакратыі і рэфармаваньня эканомікі.

З аднаго боку маніфэстацыі (Эўрапейскі, Сацыяльны маршы ды іншыя) былі дазволеныя, аднак не дазволеныя замоўленыя маршруты. Ёсьць дэклярацыі пра гатовасьць зьмякчыць рэпрэсіі, але палітвязьняў не вызваляюць.

Гэта – пачатак перабудовы, калі разумець пад перабудовай жаданьне паднавіць сыстэму, не мяняючы яе па сутнасьці”, — лічыць Віктар Івашкевіч.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч ад канца мінулага году да верасьня займаў пасаду спэцыяльнага прадстаўніка міністра замежных справаў Беларусі для сувязяў з эўрапейскімі міжпарлямэнцкімі структурамі.

Многія апазыцыйныя палітыкі называлі гэтую пасаду “прапагандысцкай”. Сяргей Гайдукевіч мяркуе, што неўзабаве працягне гэтую дзейнасьць.

“Для паляпшэньня дачыненьняў з Эўразьвязам патрэбны час”

“Працэс будзе ісьці далей. Тое, што я калісьці гаварыў пра пакрокавую стратэгію, то ў 2008 годзе яна будзе больш заўважная. Я перакананы, што ў 2008 годзе гэты працэс будзе рухацца”, — лічыць Сяргей Гайдукевіч.

Беларускі бок разумее, што “зьмены ў сур’ёзнай палітыцы не адбываюцца імгненна і для паляпшэньня дачыненьняў з Эўразьвязам патрэбны час”.

Пра гэта заявіў намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Валеры Варанецкі на адкрыцьці “Менскага форуму”:

“Пераадольваньне праблемных пытаньняў, якія ўзьнікаюць у нашых дачыненьнях з Захадам, пошук узаемапаразуменьня, без сумневу, у інтарэсах усіх бакоў. Неабходны пераход ад палітызацыі да прагматызацыі нашых дачыненьняў. Важную ролю ў гэтым магло б адыграць актыўнае ўцягваньне Беларусі ў эканамічныя інтэграцыйныя працэсы ў Эўропе”, — заявіў намесьнік міністра замежных справаў Беларусі.

12 УМОВАЎ ЭЎРАЗЬВЯЗУ:

Эўразьвяз заклікае, каб беларускія ўлады: 1. Паважалі права народу Беларусі выбіраць сваіх лідэраў дэмакратычным шляхам — іх права чуць усе меркаваньні й бачыць усіх кандыдатаў на выбары; права апазыцыйных кандыдатаў і групаў падтрымкі праводзіць кампаніі без прыгнёту, судовага перасьледу або турэмнага зьняволеньня; незалежнае назіраньне за выбарамі, беларускімі няўрадавымі арганізацыямі ўключна; права волевыяўленьне й права на справядлівы падлік галасоў.

2. Паважалі права народу Беларусі на незалежную інфармацыю, а таксама на свабоду слова, у прыватнасьці, дазволіўшы журналістам працаваць без прыгнёту або судовага перасьледу, не закрываючы газэтаў і не замінаючы іх распаўсюджваньню.

3. Паважалі правы грамадзкіх арганізацыяў як жыцьцёва важнай часткі здаровай дэмакратыі — не ўскладняючы іх законнага існаваньня, не прыгнятаючы і не перасьледуючы сябраў грамадзкіх арганізацыяў і дазваляючы ім атрымоўваць міжнародную дапамогу.

4. Вызвалілі ўсіх палітычных зьняволеных — сябраў дэмакратычных апазыцыйных партыяў, сябраў і звычайных грамадзянаў, арыштаваных падчас мірных дэманстрацый і сустрэчаў.

5. Належным чынам правялі незалежнае расьсьледаваньне або перагледзелі выпадкі са зьнікненьнем грамадзянаў.

6. Забясьпечылі права народу Беларусі на незалежную і непрадузятую судовую сыстэму, дзе судзьдзі б не траплялі пад палітычны ціск, не праводзіліся б адвольныя і неабгрунтаваныя крымінальныя перасьледы альбо не прымаліся б палітычна матываваныя рашэньні — такія, як арышт грамадзянаў, якія мірна выказваюць свае погляды.

7. Спынілі адвольныя арышты, затрыманьні й нягоднае абыходжаньне зь людзьмі.

8. Паважалі правы грамадзянаў Беларусі, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

9. Паважалі працоўныя правы грамадзянаў Беларусі, у прыватнасьці, іх права на сяброўства ў прафсаюзах, і права прафсаюзаў дзейнічаць у абарону правоў чалавека.

10. Паважалі правы грамадзянаў Беларусі на прадпрымальніцкую дзейнасьць без празьмернага ўмяшаньня ўладаў.

11. Далучыліся да другіх народаў Эўропы і забаранілі пакараньне сьмерцю.

12. Выкарысталі падтрымку, якую прапаноўваюць Беларусі АБСЭ, ЭЗ і іншыя арганізацыі, каб дапамагчы ёй захоўваць правы чалавека.


• У Брусэлі і Менску прэзэнтаваная новая стратэгія Эўразьвязу, 21.11.2006