Вэтэраны беларускага джазу “Рэнэсанс”: 30 гадоў на сцэне

Дзьмітры Падбярэскі, Менск Трыццаць гадоў — нязначны адрэзак часу ў гісторыі ўсясьветнай музыкі. Але трыццацігодзьдзе музычнага калектыву для Беларусі — падзея сур’ёзная. Сёньня ансамбль традыцыйнага джазу “Рэнэсанс” адзначае менавіта такую дату.
Я быў сьведкам першага выступу калектыву 1 красавіка 1977 году. Тады гэты ансамбаль яшчэ пад назвай “Маэстра дыксілэнд” меў статус аматарскага і працаваў пры Доме культуры камвольнага камбінату. Менавіта ў гэтым статусе калектыў выступіў на многіх джаз-фэстывалях, выконваючы “вечназялёныя” тэмы клясычнага джаза. А на пачатку 1980-х, калі ў Віцебску пачалі адбывацца усесаюзныя фэсты “Парад дыксілэндаў” і “Віцебская восень”, ужо пад назовам “Рэнэсанс” менскі ансамбаль стаў пастаянным іх удзельнікам, набыў ўсесаюзную вядомасьць.

Джаз і Чайкоўскі

Зь першага складу калектыву застаўся толькі ягоны цяперашні кіраўнік, барабаншчык Мікалай Лапцёнак. Вось як ён тлумачыць адданасьць гэтай ня надта папулярнай цяпер і зусім ня моднай музыкі:

“Для мяне джаз — гэта дыягназ, а традыцыйны джаз — любімы занятак, любімы сябра і рэшта таго, што датычыць прыемнага баўленьня часу, таму што музыка сама па сабе вечная, а ў нашым выпадку такая музыка мне вельмі блізкая”.

У канцы 1980-х, здавалася, на існаваньні “Рэнэсансу” можна было ставіць крыж: сямёра зь дзевяці ягоных удзельнікаў амаль у адначасьсе зьехалі за мяжу. Але Мікалай Лапцёнак здолеў утрымаць калектыў: набраў маладых, гэтым разам — прафэсійных выканаўцаў. Быў выдадзены дэбютны альбом, а неўзабаве зь ініцыятывы вядомага прапагандыста і дасьледчыка джаза піцерскага музыказнаўцы Ўладзіміра Фейертага “Рэнэсанс” даў канцэрт у Маскве на славутай сцэне залі імя Чайкоўскага. А вось у жніўні 1998 году беларускія джазмэны ўзялі ўдзел у конкурсе “Злота тарка” аднаго з найвялікшых джаз-фэстываляў Эўропы “Олд джаз мітынг” у польскім горадзе Ілава. Гран-пры конкурсу дастаўся “Рэнэсансу”.

Уладзімір Фейертаг цягам многіх гадоў быў сьведкам сталеньня беларускага калектыву:

“Ёсьць вялізная хрэстаматыя старых мэлёдый, старога спосабу выкананьня джаза, які ніколі не паміраў. Зьберажэньне старых традыцый заўсёды істотна дзеля таго, каб больш пісьменна выконваць нават сучасную музыку. Я зьдзіўляюся таму, наколькі плённа заўсёды выступаў ансамбаль “Рэнэсанс”, наколькі прафэсійна былі зробленыя аранжыроўкі, якія ня проста замыкаліся на нейкай фанатычнай любові да джазу Новага Арлеану, а замыкаліся на джазе наогул”.

Другое стагодзьдзе традыцыі

Пачатак новага тысячагодзьдзя “Рэнэсанс” адзначыў выступам на вялікім міжнародным фэсьце ў Вільні, запісам другога альбому, калі ў рэпэртуары зьявіліся апрацоўкі беларускіх народных мэлёдый, што зрабіць у дачыненьні да жорсткай структуры п’есаў клясычнага джазу вельмі ня проста. Нягледзячы на больш чым сталы век гэтай музыкі, музыкі “Рэнэсансу” маюць свае сакрэты таго, каб годна данесьці яе да аўдыторыі:

“Вось у гэтым, відаць, заслуга “Рэнэсансу” — што гэта ня мёртвы ансамбаль, не дэманстрацыя нейкай рэтра-музыкі, а гэта цалкам сучаснае і сугучнае часу”.

Цяпер ансамбаль працуе як самастойная адзінка Дзяржаўнага канцэртнага аркестру Беларусі. Любы іншы калектыў у гонар 30-годзьдзя напэўна быў бы адзначаны вялікім канцэртам у адной зь лепшых заляў. “Рэнэсанс” адзначае юбілей сьціплай таварыскай вечарынай у менскай кавярні. Што да далейшай творчасьці, дык Мікола Лапцёнак мяркуе так:

“Усё вызначае мода. У Беларусі да джазу стаўленьне неадназначнае, аматараў джазу параўнальна няшмат, але ж яны ёсьць. І таму, калі вернецца мода, нашая музыка будзе запатрабаванай”.

Джаз — пасланьне свабоды, 19.11.2007 Што можа прывезьці зь Менску зорка фартэпіяннага джазу?, 29.05.2007