Голад ва Ўкраіне 1932—1933 гадоў быў штучным

Алег Грузьдзіловіч, Менск Дакумэнты, якія прэзэнтаваныя на выставе “Рассакрэчаная памяць” пра падзеі ва Ўкраіне ў 1932—1933 гадах, даказваюць, што масавы голад людзей арганізавала савецкая ўлада. Выстава, арганізаваная амбасадай Украіны ў Беларусі, адкрылася ў Менску.
У Нацыянальным музэі гісторыі й культуры Беларусі 22 лістапада адкрылася дакумэнтальная выстава “Рассакрэчаная памяць”, якая праз фатаздымкі й дакумэнты распавядае пра голад ва Ўкраіне.

Голад забраў, паводле розных падлікаў, жыцьці 10 мільёнаў чалавек. Усё больш людзей у сьвеце мяркуюць, што голад арганізавала ўлада — з палітычнымі мэтамі.

Хто можа сьведчыць пра тыя жудасныя падзеі? Я стаю перад стэндам пра лёс Аляксандры Радчанкі, якая жыла на Харкаўшчыне. У 1932 годзе жанчына працавала настаўніцай і вяла дзёньнік, у якім адзначала, хто і калі памёр ад голаду.

Пасьля вайны Аляксандру Радчанку асудзілі на 10 гадоў лягеру, дзёньнікі падчас арышту сканфіскавалі, але дзякуючы гэтаму яны сталі дакумэнтамі гісторыі.

Запіс ад 28 красакіка: “Учора пахавалі дзядулю Кавалька. Памёр ад голаду. Быў мой любімы працаўнік”, — запісала настаўніца.

Далей запісы пра сьмерці вучняў, пра рабаўніцтва на дарогах, пра мітынгі, арганізаваныя ўладамі.

“Вялікай засухі ў тыя гады не было, проста ў людзей усё паадбіралі”, — кажа вядомы беларускі палітык Станіслаў Гусак, чые бацькі перажылі голад ва Ўкраіне.

Бацька Станіслава выратаваўся дзякуючы сваяку-млынару, які дзяліўся зь ім макухай, маці ела цюльку, якую браты лавілі ў Азоўскім моры.

Вось адказ Станіслава Гусака на пытаньне, навошта савецкай уладзе спатрэбіўся голад:

“Таму што зьнішчылі ўкраінцаў. Іх перасялілі на той сьвет, а замест іх прывезьлі расейцаў. Потым там былі адкрытыя камсамольскія ўдарныя будоўлі, на якія везьлі ўсіх і выдавалі ім новыя пашпарты. А ўкраінскія школы зачынілі, украінскую мову забаранілі, культуру ўкраінскую пачалі зьнішчаць”.

Беларускі гісторык Ігар Кузьняцоў згодны з тым, што голад ва Ўкраіне быў праявай генацыду:

“Так, бо была магчымасьць выратаваць гэтых людзей ад голаду. Трэба было спыніць вываз харчоў за мяжу і аддаць іх у раёны Ўкраіны і Расеі, якія галадалі. То бок, выратаваць жыцьці людзей. Але для ўлады гэтыя жыцьці нічога не каштавалі”.

Ігар Кузьняцоў кажа: падобная палітыка, калі сялянаў абкладалі непамерным харчовым падаткам, праводзілася і ў Беларусі — і таксама прывяла да шматлікіх ахвяраў. Многія беларускія сяляне, нават калі ім удавалася пазьбегнуць сьмерці ад голаду, зьбяднелі ажно да жабрацтва.

Асобнае пытаньне: чаму пра голад ва Ўкраіне многія дагэтуль ня ведаюць? Адзін з адказаў — на стэндзе пра лёс украінскага фатографа Міколы Бокаля. Ён рабіў здымкі тых падзеяў і ў выніку трапіў у засьценкі НКВД, а потым загінуў у канцлягеры.

“300 дзён без кавалка хлеба” — гэты запіс Міколы Бокаля і некалькі фатаздымкаў засталіся сьведчаньнем эпохі генацыду.

У Расеі ўлады не прызнаюць генацыду ўкраінскага народу. А як ставяцца да гэтай праблемы беларускія ўлады?

У Міністэрстве замежных справаў Беларусі ад камэнтару ўстрымаліся, але заўважылі, што выстава праходзіць у дзяржаўнай ўстанове.

Гісторык Ігар Кузьняцоў адзначае, што Беларусь дагэтуль не наважылася сказаць праўду пра падзеі сваёй гісторыі, прыкладам, пра Курапаты:

“Калі гаворка пра Ўкраіну, Расею, нешта мы яшчэ можам сказаць. Але што тычыцца сваіх праблемаў — ні ў якім разе”.





















Выстава пра голад у 1932—1933 гадах ва Ўкраіне адкрываецца ў Менску, 22.11.2007