“БДДТ паказвае інтэрмедыю з Пісьма беларускага народа таварышу Сталіну”

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 22 лістапада ў розныя гады.
“Оршанский вестник” у 1917 годзе друкуе рэзалюцыю службоўцаў менскай міліцыі — адказ на тое, што ваенна-рэвалюцыйны камітэт спрабаваў міліцыю распусьціць: “Агульны сход службоўцаў міліцыі, як вольнанаёмных, так і салдат міліцыянтаў... пастанавіў: ваенна-рэвалюцыйны камітэт разглядаем як орган цэнтральнай улады, якому міліцыя аніяк не падпарадкоўваецца. Усю міліцыю ў цэлым мы разглядаем як орган гарадзкога самакіраваньня. Таму распусьціць міліцыю можа толькі гарадзкое грамадзкае самакіраваньне”.

“ЛіМ” у 1937 годзе пад загалоўкам “Тэатры Менска ў выбарчай кампаніі” паведамляе: “БДДТ паказвае інтэрмедыю з Пісьма беларускага народа таварышу Сталіну. Яўрэйскі тэатр дэманструе інтэрмедыю З.Аксельрода і Э.Кагана, у якой высьмейваюцца “выбары” пры цару і ярка адлюстроўваецца веліч Сталінскай Канстытуцыі і выбарчага закона. Апрача гэтага, перад кожным спектаклем акторы дэкламуюць вершы аб Канстытуцыі, выбарчым законе і аб кандыдатах у дэпутаты”.

“Свободные новости” на гэтым тыдні 1997 году цытуюць мастака Андрэя Савіцкага: “Я ня супраць “Пагоні”, але на яе аснове трэба было стварыць новы, а не калькаваць стары герб былога Вялікага Княства Літоўскага, гэтак жа сама, як нельга было капіяваць герб зьніклай БССР. Сымболіка — гэта знак, гэта як імя, пад якім чалавек жыве. Я, напрыклад, не хачу, каб Беларусь скончыла гэтак жа, як Вялікае Княства, не хачу, каб яна скончыла і як БССР — Чарнобылем. Расея калькавала двухгаловага арла... Што будзе з Расеяй?”