У "Начной Свабодзе" - пра перамовы апальных музыкаў з А.Праляскоўскім

Радыё Свабода У наўпростым эфіры "Начной Свабоды" – падрабязнае інтэрвію зь лідэрам гурту "Палац" Алегам Хаменкам пра перамовы музыкаў гуртоў “Крама”, “N.R.M.”, “Палац” і “Нейра Дзюбель” з намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Алегам Праляскоўскім. Апошні паабяцаў, што з гэтых гуртоў здымуць негалосную забарону на арганізацыю канцэртаў і папрасіў іх больш не выступаць на акцыях апазыцыі. Музыкі пагадзіліся.
Другой госьцяй начнога эфіру "Свабоды" сёньня будзе менская пісьменьніца Наталка Бабіна, нядаўняя ўдзельніца "Начной чытанкі". А жыхары Менску скажуць, пра што з сучаснага беларускага жыцьця варта напісаць раман?

У "Начных досьледах" – дысцыпліна на беларускіх дарогах. Менскія пешаходы выкажуцца, ці ветлівыя і дысцыплінаваныя беларускія кіроўцы.

Апрача таго ў "Начной Свабодзе" – падсумаваньне ўдзелу беларускай футбольнай зборнай у адборачным турніры да чэмпіянату Эўропы, інтэрвію з маскоўскім выканаўцам беларускамоўных песень "Крамы" Мікалаем Аруцюнавым і рэпартаж з уручэньня піўной кампаніяй "Баброў" прэміяў у галіне культуры.

У "Гукапісе" Аляксандар Памідораў працягне аповед пра творчасьць гурту "Крама", а ў "Начной чытанцы" зноў прагучаць актуальныя і на сёньня ўрыўкі ананімных паэм канца мінулага стагодзьдзя.

Пасьля 23-й гадзіны: Чарговы агляд лістоў слухачоў "Свабоды", аповед пра вёску Мачаны Лагойскага раёну ў перадачы "Падарожжа Свабоды", у "Экспэртызе Свабоды" – пра намаганьні беларускага ўраду прыцягнуць замежныя інвэстыцыі ды запісы адказаў на дырэктара агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая на пытаньні наведнікаў нашага сайту.

Ад 22-й гадзіны – у эфіры "Свабоды" і ў інтэрнэце.